Ціханоўская прызначыла Тацяну Шчытцову прадстаўніцай свайго Офісу ў пытаньнях адукацыі

Філёзаф Тацяна Шчытцова і Сьвятлана Ціханоўская

Тацяна Шчытцова — прафэсарка Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, доктарка філязофскіх навук.

У гэтай ролі яна замяніла кандыдатку філязофскіх навук, кіраўніцу канцэнтрацыі «Сучаснае грамадзтва, этыка і палітыка», суарганізатарку фэм-групы Каардынацыйнай рады Вольгу Шпарагу.

Паводле прэс-службы Сьвятланы Ціханоўскай, у якасьці прадстаўніцы дэмакратычнай лідэркі Тацяна Шчытцова будзе:

  • Каардынаваць дапамогу студэнтам, адлічаным з палітычных матываў, а таксама пэдагогам сярэдняй і вышэйшай школы і навукоўцам, звольненым з прычыны сваёй грамадзянскай пазыцыі
  • Удзельнічаць у распрацоўцы новых рашэньняў і рэформаў у сфэры адукацыі і навукі
  • Разьвіваць міжнароднае супрацоўніцтва, каб зрабіць беларускую навуку інтэрнацыянальнай і прасоўваць дасьледаваньні гісторыі і культуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На мытні затрымалі кнігі Тацяны Шчытцовай

«Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму беларускія школы апынуліся ў палоне абсурдных бюракратычных патрабаваньняў, а ўнівэрсытэты цалкам страцілі аўтаномію. Наша адукацыя і навука — асабліва ў соцыягуманітарных дысцыплінах — крытычна адстаюць ад міжнародных стандартаў. Замест клопату аб якасьці адукацыі рэжым адлічвае і звальняе неляяльных, імкнучыся цалкам падпарадкаваць навучальныя ўстановы сваёй разбуральнай ідэалёгіі», — адзначыла Тацяна Шчытцова.

Офіс Сьвятланы Ціханоўскай выказаў удзячнасьць Вользе Шпаразе і яе камандзе за плённае супрацоўніцтва цягам мінулага году.