Камітэт замежных дачыненьняў Сэнату ЗША у аўторак 19 кастрычніка прыняў рэзалюцыю ў справе сытуацыі ў Беларусі. Яна накіраваная на зацьвярджэньне ў Сэнат.
У рэзалюцыі сэнацкі камітэт спасылаецца на ўсе папярэднія рашэньні і дакумэнты амэрыканскага Кангрэсу, ураду, а таксама ўрадаў іншых краінаў і міжнародных арганізацыяў у справе сытуацыі ў Беларусі і ў сувязі з усімі падзеямі, якія адбываліся ў Беларусі падчас выбарчай кампаніі 2020 году і пасьля выбараў 9 жніўня.
У дэклярацыйнай частцы рэзалюцыі згадваецца таксама сустрэча прэзыдэнта Джо Байдэна з апазыцыйнай лідэркай Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай, пры гэтым адзначаецца, што Ціханоўская далей прадстаўляе агульнае памкненьне беларускага народу да свабодных і справядлівых выбараў і дэмакратыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЗША абвясьцілі новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. СЬПІСРэзалюцыя пастанаўляе, што Сэнат -
- надалей, у першую гадавіну нелегітымных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 году, адмаўляцца прызнаваць Аляксандра Лукашэнку легітымна абраным кіраўніком Беларусі;
- асуджае няспынныя рэпрэсіі Лукашэнкі супраць удзельнікаў дэмакратычнага руху, кіраўнікоў Каардынацыйнай рады, мірных пратэстоўцаў, супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія ўдзельнічалі ў страйках, незалежных назіральнікаў за выбарамі, незалежных журналістаў і блогераў, мэдыцынскіх работнікаў, выкладчыкаў, настаўнікаў, спартоўцаў і дзеячоў культуры;
- працягвае заклікаць да выкананьня ўрадам Беларусі свабодна ўзятых на сябе абавязаньняў у якасьці чальца Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) і прымае прапанову АБСЭ садзейнічаць правядзеньню агульнанацыянальнага дыялёгу і паўнавартасна ўдзельнічаць у працэсе АБСЭ;
- заклікае правесьці ў Беларусі новыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары, якія б праводзіліся свабодна і справядліва ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ і пад наглядам назіральнікаў АБСЭ і незалежных унутраных назіральнікаў;
- вітае цесную каардынацыю ўраду Злучаных Штатаў з Эўрапейскім Зьвязам, Вялікай Брытаніяй, Канадай, іншымі краінамі-саюзьніцамі і краінамі-партнэрамі і міжнароднымі арганізацыямі ў прасоўваньні прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека ў Беларусі і заклікае працягваць каардынацыю ў справе максымальнага ціску на рэжым Лукашэнкі;
- працягвае заклікаць да неадкладнага вызваленьня, без папярэдніх умоваў, усіх палітычных зьняволеных у Беларусі;
- вітае нядаўняе вызваленьне журналістаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ/РС) Алега Грузьдзіловіча і Іны Студзінскай і заклікае да безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў і журналістаў, затрыманых паводле сумнеўных абвінавачаньняў, у тым ліку кандыдатаў ад апазыцыі Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі, дэмакратычнай актывісткі Марыі Калесьнікавай і журналіста РСЭ/РС Ігара Лосіка;
- асуджае прымусовае адхіленьне ад курсу рэйсу 4978 Ryanair з мэтай арышту Рамана Пратасевіча і яго партнэркі Соф’і Сапегі, што парушыла міжнароднае заканадаўства аб цывільнай авіяцыі і паставіла пад пагрозу жыцьцё невінаватых пасажыраў і членаў экіпажу, і заклікае да іх неадкладнага безумоўнага вызваленьня;
- ацэньвае адвагу беларусаў, якія стварылі наватарскія спосабы пратэсту супраць аўтакратыі Лукашэнкі, і аддае належнае намаганьням беларускай дыяспары захаваць міжнародную ўвагу на пагаршэньні палітычнай сытуацыі;
- удзячны надзвычайнай падтрымцы, якую прапануюць урады Літвы, Украіны і Польшчы ў падтрымку народу Беларусі, у тым ліку падтрымку палітычнай апазыцыі, разьмяшчэньне палітычных уцекачоў і падтрымку свабодных СМІ;
- заклікае рэжым Лукашэнкі неадкладна спыніць эксплюатацыю і інструмэнталізацыю мігрантаў і перастаць накіроўваць людзей да межаў Літвы;
- вітае Выканаўчы загад, абвешчаны 9 жніўня 2021 году, які ўжывае дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, і заклікае адміністрацыю Байдэна разгледзець усе наяўныя ў яе распараджэньні эканамічныя, палітычныя і дыпляматычныя інструмэнты для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі;
- вітае санкцыі Эўрапейскага Зьвязу, уведзеныя супраць рэжыму Лукашэнкі, і заклікае ЗША працягваць каардынаваць дадатковыя захады з Эўрапейскім Зьвязам;
- падкрэсьлівае, што Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі ў яго імкненьні захоўваць свой сувэрэнітэт, выбіраць уласнае кіраўніцтва і жыць на свабодзе, і прызнаюць маштабныя намаганьні беларускай апазыцыі каардынаваць намаганьні са Злучанымі Штатамі, Эўразьвязам, АБСЭ і Арганізацыя Аб’яднаных Нацый дзеля правядзеньня свабодных і сумленных выбараў для свайго народу.
Цяпер рэзалюцыю мае разглядзець Сэнат Злучаных Штатаў у поўным складзе.