Дактары: прэзыдэнт Чэхіі Зэман ня здольны выконваць свае функцыі

Мілаш Зэман, 2019 г.

Пра гэта 18 кастрычніка паведаміў старшыня Сэнату Чэхіі Мілаш Выстэрчыл, спасылаючыся на заключэньне дактароў Цэнтральнага вайсковага шпіталя, у якім Мілаш Зэман знаходзіцца на лячэньні.

Выстэрчыл дадаў, што дактары ацэньваюць доўгатэрміновы прагноз пацыента як надзвычай няпэўны і лічаць вяртаньне Зэмана да выкананьня прэзыдэнцкіх абавязкаў малаімаверным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: Прэзыдэнт Чэхіі, магчыма, правядзе ў шпіталі некалькі тыдняў

Мілаша Зэмана шпіталізавалі ў аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі гэтага шпіталя 10 кастрычніка. Дырэктар шпіталя Міраслаў Заварал заявіў чэскім СМІ, што прэзыдэнта лечаць ад вядомай ім хранічнай хваробы. Як паведамлялі тады чэскія СМІ і камэнтатары, у Зэмана сур’ёзная форма дыябэту і нэўрапатыя ніжніх канцавінаў.

Шпіталізацыя Зэмана ўскладніла фармаваньне новага ўраду ў Чэхіі пасьля парлямэнцкіх выбараў 8–9 кастрычніка, бо ў найбліжэйшым часе, як выглядае, ён ня зможа ні зацьвердзіць адстаўку старога ўраду, ні прапанаваць новы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнта Чэхіі шпіталізавалі пасьля перамоваў з прэм’ер-міністрам Бабішам

У выніку пост прэм’ера яшчэ няпэўны час будзе займаць лідэр кіроўнай партыі мільярдэр Андрэй Бабіш, нягледзячы на тое, што палітолягі называюць яго пераможаным на выбарах. А кіраўнік пераможнай кааліцыі ня можа ўзначаліць урад як мінімум да моманту паляпшэньня здароўя прэзыдэнта. Новы парлямэнт пакуль таксама не сабраўся на пасяджэньне, а значыць, ня можа ні сфармаваць новы ўрад, ні прыняць рашэньне аб адстаўцы Зэмана ў сувязі са станам яго здароўя, каб перадаць функцыі прэзыдэнта іншым палітычным суб’ектам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казус Зэмана: як у Чэхіі выбары ў парлямэнт і шпіталізацыя прэзыдэнта прывялі да прававога тупіку