Дырэктар шпіталя Міраслаў Заварал заявіў чэскім СМІ, што прэзыдэнта лечаць ад вядомай ім хранічнай хваробы і забясьпечаць яму ўвесь неабходны дагляд і апеку. Заварал дадаў, што Мілаш Зэман цяпер знаходзіцца ў аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі. Заварал не паведаміў пра дыягназ, спасылаючыся на тое, што ня мае на гэта дазволу ад пацыента.
Перад шпіталізацыяй Зэман сустракаўся з прэмʼер-міністрам Андрэем Бабішам у сваёй рэзыдэнцыі Ланы пад Прагай. Пасьля сустрэчы Бабіш ад’ехаў, нічога не паведаміўшы пра яе дэталі.
77 -гадовы Зэман прагаласаваў дома праз дрэнны стан здароўя. Як паведамляюць чэскія СМІ і камэнтатары, у Зэмана сур’ёзная форма дыябэту і нэўрапатыя ніжніх канечнасьцяў.
- Згодна з папярэднімі падлікамі галасоў, на парлямэнцкіх выбарах у Чэхіі 8 і 9 кастрычніка перамагла кааліцыя апанэнтаў дзейнага прэмʼер-міністра Андрэя Бабіша, якая складаецца з трох апазыцыйных правацэнтрысцкіх партый.
- Прэзыдэнт Мілаш Зэман цяпер мусіць даручыць некаму фармаваньне новага ўраду. Перад выбарамі ён заяўляў, што даверыць гэта лідэру партыі, якая набярэ найбольш галасоў, без увагі на кааліцыі. Асобная партыя, якая набрала найбольш галасоў — АНО цяперашняга прэм’ера Андр’я Бабіша.