У Менску ў шпіталі хуткай дапамогі гарэла кіслародная станцыя

Менскі гарадзкі клінічны шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі, архіўнае фота

Каля 5-й гадзіны раніцы ў менскім шпіталі хукай дапамогі загарэўся камутацыйны блёк падачы кіслароду на кіслароднай станцыі, што месьціцца ў асобным будынку.

Пажар патушылі супрацоўнікі МНС. Ніхто не пацярпеў. Падачу кіслароду пераключылі на запасную сыстэму.

Цяпер прычыну загараньня высьвятляюць. Кісларод у шпіталь падаецца «ў штатным рэжыме», паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі б людзі бачылі рэальную статыстыку, ставіліся б сур’ёзьней». Як каранавірус атакаваў інвалідаў, пэнсіянэраў і цяжарных

Гэта ня першы інцыдэнт з кіслароднымі станцыямі ў Беларусі.

У Берасьці летась 27 сьнежня загарэлася кіслародная станцыя цэнтральнай гарадзкой лякарні Берасьця. На ёй загінуў мужчына 1956 году нараджэньня. Пацыенты шпіталя не пацярпелі.

У Віцебску ў сакавіку абвалілася сьцяна кіслароднай станцыі ў абласным анкалягічным дыспансэры. Хворых перавялі ў іншы корпус, а кісларод пачалі падаваць зь іншай станцыі. Галоўная доктарка сказала, што станцыя не была разьлічана на павялічаную колькасьць балёнаў і ад вібрацыі сьцяна разбурылася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У віцебскім онкадыспансэры разбурыўся будынак, адкуль хворым паступаў кісларод. Што адбылося