У Нарвэгіі невядомы лучнік забіў некалькі чалавек

Аўтамабіль паліцыі Нарвэгіі, ілюстрацвйнае фота

У горадзе Конгсбэрг у Нарвэгіі невядомы, узброены лукам і стрэламі, пачаў увечары ў сераду страляць па людзях. Паводле апошніх паведамленьняў СМІ, забіў ня менш за чатыры чалавекі. Таксама ёсьць параненыя.

Нападнік затрыманы. Падрабязнасьцяў пра яго асобу і матывы пакуль не публікуюцца. Як заявіў прадстаўнік паліцыі, «натуральнай» у падобных абставінах зьяўляецца вэрсія тэракту, аднак пакуль яна не зьяўляецца афіцыйнай. Паліцыя таксама не называе дакладнай колькасьці ахвяраў.

Напад адбыўся ў цэнтры гораду з насельніцтвам каля 30 тысяч чалавек, які разьмешчаны на паўднёвы ўсход ад Осла. Паводле уладаў, нападнік дзейнічаў адзін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыя Нарвэгіі расьсьледуе страляніну ў мячэці каля Осла як тэракт

СМІ нагадваюць у сувязі са здарэньнем пра найбуйнейшую ў гісторыі Нарвэгіі тэрарыстычную атаку, якая адбылася 10 гадоў таму — ультраправы Андэрс Брэйвік падарваў у Осла бомбу, а затым на востраве Утоя забіў больш за 60 маладых людзей, якія знаходзіліся ў летнім лягеры, арганізаваным Партыяй працы.