У Польшчы арыштавалі мужчыну, якога падазраюць у шпіянажы на карысьць КДБ Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы заявіла пра арышт мужчыны, які меўся супрацоўнічаць з выведкай Беларусі. У камуністычныя часы падазраваны служыў у польскім аналягу беларускага АМАПу.

Пра затрыманьне шпіёна паведаміў прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын, піша PAP.

«Чалавек, затрыманы Агенцтвам унутранай бясьпекі, зьяўляецца грамадзянінам Польшчы. Яго абвінавацілі ў шпіянажы (арт. 130 Крымінальнага кодэксу) на карысьць спэцслужбы КДБ Беларусі. Затрыманы служыў у ZOMO (спэцпадразьдзяленьне міліцыі Польшчы ў часы Варшаўскай дамовы, аналяг беларускага АМАП. — заўв. РС) з 1981 году, а потым у цывільнай міліцыі і паліцыі да 1999 году. Скончыў службу 20 гадоў таму ў якасьці афіцэра памежнай службы ў званьні лейтэнанта ў 2001 году», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-сакратара.

12 кастрычніка суд арыштаваў падазраванага ў шпіянажы на тры месяцы.

Прэс -сакратар адзначыў, што нельга выключыць і далейшыя арышты ў гэтай справе, таму ён ня можа даць дадатковай інфармацыі ў гэты момант.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцслужбы Польшчы: 20% мігрантаў, затрыманых пры пераходзе мяжы з боку Беларусі, маюць сувязі з Расеяй
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы: «За наплывам мігрантаў на польска-беларускай мяжы стаіць Расея»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне пачаўся суд над былым супрацоўнікам «Штазі», западозраным у шпіянажы на карысьць Расеі