На волю выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку», паведаміла Zerkalo.io: Сьвятлана Купрэева, Уладзімер Сажын, Дзьмітры Карака, Дзьмітры Жардзецкі і яшчэ некалькі чалавек.
Паводле тэлеграм-каналу штабу Бабарыкі, Купрэевай, Караку і Жардзецкаму зьмянілі меру стрыманьня.
Сьвятлана Купрэева — былая каардынатарка ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі ў адным з раёнаў Менску. Дачка беларускага паэта і празаіка Мікалая Купрэева. Была блізкай сяброўкай жонкі Віктара Бабарыкі Марыны, якая загінула ў 2017 годзе, хросная маці ягонай дачкі. З 11 чэрвеня 2020 году знаходзілася ў СІЗА КДБ. Яе падазравалі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, чым яна нібыта нанесла дзяржаве шкоду на суму, эквівалентную амаль 4 мільёнам даляраў. Пры гэтым Сьвятлана на пэнсіі падзарабляла бухгальтаркай у розных дробных фірмах і жыла разам з мамай у старой хрушчоўцы. Сьвятлану Купрэеву вызвалілі ў панядзелак вечарам, паведамілі ейныя сябры.
Уладзімер Сажын — былы дарадца Віктара Бабарыкі і сябра праўленьня банку з 2006 да 2020 году.
Дзьмітры Карака — былы асабісты памочнік Віктара Бабарыкі, яго абвінавачвалі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў.
Дзьмітры Шаўчук — супрацоўнік юрыдычнага аддзелу «Белгазпрамбанку».
Дзьмітры Жардзецкі — сябра Віктара Бабарыкі.
Вольга Радзецкая — старшыня назіральнай рады кампаніі «Кентаўр».
Андрэй Харлановіч, Аляксей Герашчанка і Антон Марозаў — акцыянэры «Приватлизинга».
У верасьні на волю выйшлі сябар Віктара Бабарыкі Ўладзімер Дрозд і былы дырэктар дэпартамэнту раздробнага бізнэсу банку Андрэй Грыгаровіч.
«Белгазпрамбанкам» кантралёры зацікавіліся адразу пасьля таго, як Віктар Бабарыка пакінуў пасаду старшыні праўленьня і агучыў намер балятавацца ў прэзыдэнты. 18 чэрвеня 2020 году Бабарыку затрымалі. Нягледзячы на больш як 400 тысяч подпісаў, сабраных за вылучэньне Бабарыкі, ЦВК не зарэгістравала яго кандыдатам у прэзыдэнты.
6 ліпеня 2021 году Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Ягоны сын Эдуард застаецца ў СІЗА пад сьледзтвам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Віктара Бабарыкі рэзка пагоршыліся ўмовы працы ў калёніі, паведамляюць адвакатыГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Былыя намесьнікі Бабарыкі ў судзе расказалі падрабязнасьці стварэньня афшорных кампаній