Саакашвілі зьняпраўдзіў паведамленьні пра пагаршэньне свайго здароўя

Акцыя пратэсту прыхільнікаў экс-прэзыдэнта Саакашвілі ля турмы ў Руставі

Грузінскія ўлады называюць паводзіны экс-прэзыдэнта нагнятаньнем палітычнай атмасфэры напярэдадні другога туру выбараў.

Зьняволены ў турму экс-прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі незадаволены распаўсюджваньнем інфармацыі пра нібыта пагаршэньне стану яго здароўя і заклікае сваіх прыхільнікаў да актыўнага ўдзелу ў другім туры мясцовых выбараў, які пройдзе 30 кастрычніка.

«Сеяць нігілізм у сувязі з другім турам выбараў, у тым ліку матывуючы гэта клопатам пра мяне, — прамы інтарэс ворагаў Грузіі. Мы павінны зьмяніць краіну рознымі мэтадамі, у тым ліку, самае галоўнае, — вырваць з рук перамогу на выбарах. Я, са свайго боку, зраблю ўсё магчымае, нават ва ўмовах галадоўкі, каб дажыць да 30 кастрычніка. Замест таго каб загадзя абвяшчаць па мне жалобу, лепш закасайма рукавы і разам адсьвяткуйма 30 кастрычніка перамогу», — напісаў Міхэіл Саакашвілі ў сваім звароце з турмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стан Саакашвілі пагоршыўся, яму патрабуецца шпіталізацыя

2 кастрычніка ў Грузіі адбыліся выбары ў органы мясцовага самакіраваньня. Пасьля падліку бюлетэняў кіруючая «Грузінская мара» атрымала 46,65% галасоў паводле прапарцыйнай сыстэмы, партыя экс-прэзыдэнта Міхэіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух» («АНР») — 30,7%, партыя былога прэм’ера ад «Грузінскай мары» Георгія Гахарыі «Для Грузіі » — 7,79%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саакашвілі праз галадоўку схуднеў на 12 кг — адвакат

Парушэньне мэдычнай таямніцы?

Як заявіў 11 кастрычніка адзін з адвакатаў экс-прэзыдэнта Ніка Гварамія, Міхэіл Саакашвілі вельмі абураны тым, што безь яго дазволу распаўсюджваецца інфармацыя пра стан яго здароўя, і расцэньвае гэта як грубае парушэньне сваіх правоў. Паводле Гвараміі, Саакашвілі бадзёры і стан яго здароўя здавальняючы: «Ня варта ўтрыраваць, гэта напружвае грамадзкасьць, а ў самога Саакашвілі пратэст у сувязі з гэтым».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для яго гэта апошняя магчымасьць вярнуцца ў грузінскую палітыку». Што чакае Саакашвілі і які плян маюць ягоныя паплечнікі

Днём раней асабісты лекар экс-прэзыдэнта, які абвясьціў галадоўку, паведаміў СМІ, што ў Саакашвілі захворваньне крыві — таласэмія, і што яму супрацьпаказана галадаць. Асабісты лекар таксама сказаў, што экс-прэзыдэнт сябе дрэнна адчувае і яму складана гаварыць і перасоўвацца.

Пасьля заявы лекара экс-прэзыдэнта, 10 кастрычніка, перад турмой у Руставі, дзе знаходзіцца Міхэіл Саакашвілі, яго прыхільнікі зладзілі спантанную акцыю. Пэнітэнцыярная служба Міністэрства юстыцыі Грузіі, у сваю чаргу, распаўсюдзіла заяву аб тым, што жыцьцёвыя паказчыкі Міхэіла Саакашвілі ў норме і што ён знаходзіцца пад няспынным назіраньнем мэдычнага пэрсаналу.