Стан здароўя былога прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі, які галадае ў турме гораду Руставі з 1 кастрычніка, пагоршыўся. Яму патрабуецца шпіталізацыя, паведаміў у нядзелю яго асабісты лекар Нікалоз Кіпшыдзэ тэлеканалу «Мтавары архі».
«Турэмныя лекары і мэдпэрсанал найлепшыя. Я паўгадзіны зь імі размаўляў пра тое, як перажыць гэтую ноч. Заўтра я яшчэ раз зьбіраюся яго (Саакашвілі. — РС) наведаць. Нам, напэўна, давядзецца яго перавезьці ў шпіталь», — сказаў Кіпшыдзэ .
Экс-прэзыдэнта затрымалі ў Грузіі 1 кастрычніка. Цяпер яго ўтрымліваюць у турме гораду Руставі, дзе ён абвясьціў галадоўку, бо лічыць сябе палітычным вязьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саакашвілі праз галадоўку схуднеў на 12 кг — адвакат- Саакашвілі узначальваў Грузію ад студзеня 2004 да лістапада 2013 году і пакінуў краіну за некалькі дзён да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў.
- Адразу пасьля гэтага на яго распачалі чатыры крымінальныя справы, у дзьвюх зь якіх былі вынесеныя вэрдыкты.
- Суд завочна асудзіў Саакашвілі на тры гады пазбаўленьня волі ў справе аб забойстве супрацоўніка Аб’яднанага банку Грузіі Сандро Гіргвіліяні і на шэсьць гадоў турмы ў справе аб зьбіцці дэпутата Валерыя Гелашвілі.
- Апошнім часам Саакашвілі жыў ва Ўкраіне, мае ўкраінскае грамадзянства.