Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі абмеркаваў з кіраўнікамі іншых краін Эўразьвязу сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю. Сустрэча прайшла ў замку Брдо ў Славеніі падчас саміту ЭЗ — Заходнія Бальканы, паведаміла Польскае радыё.
Па словах кіраўніка польскага ўраду, Варшава карыстаецца поўнай падтрымкай Брусэлю ў сытуацыі, зьвязанай зь міграцыйным крызісам на мяжы Эўразьвязу і Беларусі.
Маравецкі падкрэсьліў, што польска-беларуская мяжа таксама зьяўляецца ўсходняй мяжой Эўразьвязу.
«Тут відавочна, што нам неабходна было ўвесьці рэжым надзвычайнага стану».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Польскі сэйм зацьвердзіў падаўжэньне рэжыму надзвычайнага становішча на мяжы зь Беларусьсю яшчэ на два месяцыМатэвуш Маравецкі зазначыў, што ўсе тры краіны Эўразьвязу, якія мяжуюць зь Беларусьсю, — Польшча, Латвія і Літва — карыстаюцца поўнай і абсалютнай падтрымкай Эўразьвязу ў справе абароны сваіх межаў ад нелегальнага пераходу з боку мігрантаў.
На мінулым тыдні Польшча працягнула рэжым надзвычайнага становішча яшчэ на два месяцы — за гэта прагаласаваў Сэйм краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Заходнюю мяжу «штурмавала» рэкордная колькасьць мігрантаў. Польскія спэцслужбы заявілі, што Беларусь «прыкрывае кран»Акрамя таго, Маравецкі яшчэ раз абвінаваціў Лукашэнку ў штучным стварэньні міграцыйнага крызісу, «гібрыднай вайны» супраць суседзяў.
Польскі прэм’ер заўважыў, што рост кібэрзлачынстваў у Эўропе адбываецца дзякуючы падтрымцы ўсходніх суседзяў Польшчы, і тое, што хакерскія атакі ладзяцца менавіта паводле загадаў з Усходу, «цяпер стала відавочным для ўсіх у блёку».