Міністар адукацыі Беларусі: Няма неабходнасьці пераводзіць школы на дыстанцыйнае навучаньне праз пандэмію

Міністар адукацыі Ігар Карпенка

У Беларусі больш за 50% настаўнікаў прышчапіліся ад каранавірусу.

У Беларусі няма неабходнасьці закрываць школы або пераводзіць іх на дыстанцыйнае навучаньне з прычыны пандэміі каранавірусу. Дадатковыя карэктывы будуць уносіцца пры неабходнасьці, заявіў міністар адукацыі Ігар Карпенка:

«Наведвальнасьць школаў прыкладна 87%. Невялікая колькасьць вучняў адсутнічае, але ня трэба думаць, што праз ковід. Пачаліся сэзонныя прастудныя захворваньні, мы зь Міністэрствам аховы здароўя гэтыя пытаньні адпрацоўваем, унясём пэўныя карэктывы ў рамках узмацненьня эпідэмічнага рэжыму: праветрываньне, разьвядзеньне плыняў школьнікаў, нашэньне масак, прагулкі на сьвежым паветры. Усё, што павінна стрымліваць працэсы пандэміі», — сказаў міністар ў тэлеэфіры тэлеканалу «Беларусь-1».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыстанцыйную сыстэму для школьнікаў распрацавалі, але клясна-ўрочнай яна не заменіць

Ігар Карпенка адзначыў, што больш за 50% настаўнікаў прышчапіліся ад каранавірусу. Па яго словах, нікога прымушаць вакцынавацца ня будуць, хоць пры гэтым настойліва рэкамэндуюць засьцерагчы сябе і школьнікаў.

Паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя, за ўвесь пэрыяд распаўсюду інфэкцыі ў краіне зарэгістраванлі 549 817 чалавек са станоўчым тэстам на каранавірус, памерлі 4 228 пацыентаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія ўлады засакрэцілі статыстыку, зь якой вынікаў рост сьмяротнасьці падчас пандэміі

2 кастрычніка быў пабіты антырэкорд у колькасьці выяўленых хворых — 1 998 чалавек. А днём раней зафіксавалі найбольш памерлых за суткі — 16 пацыентаў.