Нягледзячы на вялікую рызыку, мноства людзей з гораду Шыладзэ ў курдзкім рэгіёне Іраку спрабуюць незаконна пераправіцца ў краіны Эўразьвязу празь Беларусь, паведамляюць афіцыйныя асобы, а таксама мясцовыя кантрабандысты. Так перадае «Голас Амэрыкі» паводле матэрыялу агенцтва Reuters.
Кантрабандыст зь ліку ірацкіх курдаў расказаў, што арганізаваў выезд каля 200 чалавек, якія жадаюць пакінуць Шыладзэ і яго навакольле: спачатку яны легальна вылецелі самалётам у Менск, а затым працягнулі шлях наземным шляхам нелегальна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Колькасьць перахопленых мігрантаў з боку Беларусі перавысіла 3500 чалавекПаводле крыніцы, бізнэс пайшоў угару ў канцы вясны сёлета, калі колькасьць мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у ЭЗ зь Беларусі, рэзка ўзрасла. Пры гэтым ён з горыччу кажа пра гібель людзей пры спробах незаконнага перасячэньня мяжы.
У мінулым месяцы на мяжы Польшчы і Беларусі памёр ірацкі мігрант, папоўніўшы чараду сьмерцяў у прымежнай зоне на фоне рэзкага павелічэньня нелегальнай міграцыі праз усходнюю мяжу ЭЗ.
Польшча, Літва і ЭЗ абвінавачваюць Беларусь у нагнятаньні міграцыйнага крызісу ў якасьці інструмэнта ціску на блёк у адказ на санкцыі, якія Брусэль увёў у дачыненьні да Менску ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека.
Горад Шыладзэ з насельніцтвам каля 40 000 чалавек стаў адным з асноўных адпраўных пунктаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Курды казалі, што за $10 тысяч іх давозілі да мяжы». Беларус расказаў, як правёў тыдзень у літоўскім лягеры для ўцекачоўГорад знаходзіцца ў адносна стабільным аўтаномным рэгіёне Ірацкі Курдыстан. Але такія праблемы, як нізкая занятасьць і нізкая заработная плата, а таксама геапалітычная напружанасьць у сувязі з ваеннымі рэйдамі Турэччыны супраць базаваных у Іраку курдзкіх баевікоў, ужо даўно падштурхоўваюць людзей паспытаць шчасьця на Захадзе.
Колькасьць ахвочых выехаць рэзка павялічылася пасьля адкрыцьця маршруту празь Беларусь, бо мігранты лічаць, што гэта больш бясьпечны і хуткі шлях.
Беларусь — адна зь нешматлікіх краін, якія лёгка выдаюць іракцам турыстычныя візы. Пасьля прыбыцьця ў Менск на самалёце мігранты зьвяртаюцца па паслугі кантрабандыстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ад пачатку году літоўскія памежнікі спынілі ў 30 разоў больш мігрантаў зь Беларусі, чым за ўвесь 2020-ыРэгіянальны ўрад Ірацкага Курдыстану ў Арбіле пакуль камэнтароў не дае. Міністэрства ўнутраных спраў Іраку заявіла, што нелегальны перавоз людзей уяўляе сабой злачынства і што ўжо былі зроблены адпаведныя захады, але не ўдакладніла ніякіх падрабязнасьцяў.
Мясцовыя ўлады не змаглі даць канкрэтнай статыстыкі пра колькасьць мігрантаў. Паводле мясцовага журналіста, зь вясны гэтага году з Шыладзэ і іншых гарадоў рэгіёну маглі выехаць да 400 чалавек, і гэтая лічба расьце.
Паводле кантрабандыстаў і мясцовых турыстычных агенцтваў, празь якія мігранты рэзэрвуюць авіяпералёты, паездка можа каштаваць да 12 000 даляраў, уключаючы пералёты і незаконны правоз наземным шляхам у Эўропу.
У жніўні Ірак прыпыніў прамыя рэйсы з Багдаду ў Менск пад ціскам ЭЗ. Паводле кантрабандыстаў, мясцовых жыхароў, турыстычных агенцтваў і ганаровага консула Беларусі ў Арбіле, цяпер мігранты лётаюць праз Дубай або Турцыю.
Як адзначае ірацкі аналітык Амін Фарадж, хоць Курдыстан больш стабільны і лічыцца больш квітнеючым, чым астатнія рэгіёны Іраку, эканамічны крызіс, з прычыны якога ўлады ня могуць плаціць заработную плату ў дзяржаўным сэктары, паглыбляецца і адбіваецца на жыцьці многіх курдаў.
Адзначаецца таксама, што горад Шыладзэ разьмешчаны ў горным раёне недалёка ад турэцкай мяжы, дзе бясьпека можа быць нетрывалай. Турэччына неаднаразова наносіла паветраныя ўдары ў паўночным Іраку па курдзкай групоўцы «Рабочая партыя Курдыстану».