МЗС Расеі пракамэнтавала сытуацыю з «Камсамолкай» у Беларусі

Марыя Захарава

Расейскі бок разьлічвае, што правы журналістаў у Беларусі будуць выконвацца ў адпаведнасьці з агульнапрынятымі міжнароднымі нормамі. Пра гэта ў суботу заявіла ТАСС афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.

«Пасольства Расеі ў Менску знаходзіцца ў пастаянным кантакце зь беларускім бокам па пытаньнях функцыянаваньня ў Беларусі „Комсомольской правды“. Гаворка ідзе пра беларускі СМІ і грамадзянах Беларусі. Пры гэтым працуе газэта як філіял расейскага выданьня. У сувязі з гэтым мы зыходзім з таго, што правы журналістаў будуць выконвацца ў адпаведнасьці з агульнапрынятымі міжнароднымі нормамі», — сказала дыпляматка.

29 верасьня Міністэрства інфармацыі Беларусі заблякавала доступ да сайту беларускай «Камсамолкі». Сёньня стала вядома пра затрыманьне журналіста выданьня, які пісаў пра загінулага Андрэя Зельцара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі журналіста «Комсомольской правды», які пісаў пра загінулага Андрэя Зельцара

Напярэдадні КП апублікавала камэнтар аднаклясьніцы забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцара, у якім тая станоўча пра яго выказалася. Гэта выклікала абурэньне праўладных тэлеграм-каналаў, пасьля чаго КП зьмяніла акцэнты ў матэрыяле. Паводле кіраўніка расейскай газэты «Комсомольская правда» Ўладзіміра Сунгоркіна, беларуская рэдакцыя «цалкам добрасумленна» асьвятляе сытуацыю ў краіне, але ўлады ўжо больш як год забараняюць распаўсюджваць і друкаваць выданьне.

1 кастрычніка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў назваў блякаваньне незаконным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратар Пуціна назваў блякаваньне сайту «Комсомольской правды» ў Беларусі парушэньнем свабоды СМІ