28 верасьня польскія памежнікі затрымалі 5 чалавек, якія дапамагалі мігрантам нелегальна пераходзіць беларуска-польскую мяжу і трапляць у Эўразьвяз.
Нярэдка такія парушальнікі маюць дакумэнты краін Эўразьвязу. На гэты раз імі аказаліся грамадзянін Іраку са статусам уцекача ў Нямеччыне, 2 грамадзян Сырыі зь нямецкім відам на жыхарства, а таксама грамадзяне Ўкраіны і Польшчы.
Агульная лічба затрыманых у верасьня памочнікаў у нелегальнай міграцыі дасягнула 116 чалавек.
Акрамя таго, за мінулыя суткі польскія памежнікі зафіксавалі 473 спробы нелегальнага пераходу мяжы, гэта рэкорд за ўвесь час.
Як расказалі на прэс-канфэрэнцыі 27 верасьня прадстаўнікі польскага МУС, Памежнай варты і Міністэрства абароны, польскія афіцэры штодня сутыкаюцца з правакацыямі беларукага боку. Іх асьляпляюць сьвятлом электрычных паходняў, крычаць на іх, а таксама абвінавачваюць у выкарыстаньні «мэтадаў, падобных да гестапа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Спэцслужбы Польшчы: 20% мігрантаў, затрыманых пры пераходзе мяжы з боку Беларусі, маюць сувязі з РасеяйБеларускія падразьдзяленьні таксама імітуюць кіданьне гранат празь мяжу або «халастыя стрэлы» ў палякаў. Яны таксама пакідаюць падазроныя пакеты перад польскімі памежнікамі і адразу адбягаюць, каб прадэманстраваць, што пакінутае нясе непазьбежную пагрозу.
У Літве за мінулы дзень не пусьцілі з тэрыторыі Беларусі 63 мігрантаў, якія перасякалі мяжу ў недазволеным законам месцы. Гэта рэкордная лічба ў верасьні, паведаміла Delfi.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларускія сілавікі пабілі сырыйскіх мігрантаў і забралі ў іх грошы, — RMF FM