Нафтапрадукты — амаль палова ўсяго экспарту зь Беларусі ва Ўкраіну

Офіс кампаніі NaftoGaz у Кіеве, ілюстрацыйнае фота

Беларусь сёлета ў 1,5 раза павялічыла аб’ём паставак ва Ўкраіну нафтапрадуктаў, а іхная ўдзельная вага ў гандлі вырасла да 48,6% з 41,8% летась.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай Украіны, у студзені-ліпені 2021 году Беларусь прадала суседняй краіне 2,07 мільёна тон нафтапрадуктаў (таварны код 2710000000) на 1,118 мільярда даляраў. Летась у гэты ж пэрыяд аб’ём паставак складаў 1,4 мільёна тон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія горкі беларуска-ўкраінскай палітыкі. Як пагаршаліся стасункі Менску і Кіева

За гэты ж час час Беларусь рэалізавала Ўкраіне рознай сваёй прадукцыі на 2,3 мільярда даляраў, што на 62% больш за ўзровень аналягічнага пэрыяду мінулага году.

Яшчэ больш значную дынаміку маюць пастаўкі бітуму ва Ўкраіну: на бітумным рынку паводле аб’ёмаў пастаўкі гэтай прадукцыі Беларусь заняла першае месца, апярэдзіўшы Польшчу і Расею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​Бітум як сродак уплыву. Ці страціць украінскі рынак ад амэрыканскіх санкцый супраць наваполацкага «Нафтану»

За сем месяцаў Беларусь прадала Ўкраіне 262,8 тысячы тон нафтавага коксу і бітуму (код 2713000000) на 103 мільёны даляраў (больш на 48%, чым летась), і 17,1 тысячы тон бітумінозных сумесяў (таварны код 2715000000) на 6,8 мільёна даляраў.

Прычым пастаўкі сумесяў павялічыліся больш як у чатыры разы ў параўнаньні з гэтым жа пэрыядам мінулага году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Ўкраіны знайшлі патокі забароненай расейскай прадукцыі зь Беларусі і краін Балтыі

Параўнаць украінскую статыстыку зь беларускай немагчыма, паколькі Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі перастаў публікаваць вынікі зьнешняга гандлю мінэральнымі прадуктамі, да якіх адносяцца нафтапрадукты і бітум.