Даклад Freedom House «Свабода ў Сеціве 2021»: Найбольшае пагаршэньне — у Беларусі, М’янме і Ўгандзе

«Свабода ў Сеціве 2021», мапа

Урады ва ўсім сьвеце ўсё больш умацоўваюць сваю ўладу над тэхналягічнымі плятформамі, прымушаючы бізнэс прытрымлівацца цэнзуры

Гэта прывяло да глябальнага зьмяншэньня свабоды інтэрнэту 11-ы год запар, гаворыцца ў штогадовым рэйтынгу краінаў паводле ўзроўню свабоды інтэрнэту, апублікаваным сёньня амэрыканскай няўрадавай арганізацыяй Freedom House.

Справаздача ахоплівае пэрыяд з чэрвеня 2020 па травень 2021 году. Дасьледаваньне праводзілася ў 70 краінах, карыстальнікі інтэрнэту ў якіх складаюць 88% усіх сусьветных карыстальнікаў Сеціва.

У дакладзе адзначаецца, што найбольшае пагаршэньне стану свабоды ў Сеціве было зафіксаванае ў Мʼянме, Беларусі і Ўгандзе, дзе ўлады ўжылі жорсткія абмежавальныя меры на фоне выбарчага і канстытуцыйнага крызісу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лунінецкае выданьне «Информ-прогулка» аштрафавалі за шкоду нацыянальным інтарэсам. У чым шкода, не сказалі

Паводле справаздачы, за апошні год адбылася рэзкая зьмена агульных нормаў у бок павелічэньня ўмяшаньня дзяржавы ў лічбавую сфэру. З 70 дзяржаў, ахопленых дасьледаваньнем «Свабода ў Сеціве 2021», у 48 адбываліся захады дзеля прыцягненьня тэхналягічных кампаніяў да судовай і адміністрацыйнай адказнасьці.

Многія ўрады распачалі новую палітыку, якая абавязвае тэхналягічныя кампаніі выдаляць кантэнт і перадаваць асабістыя дадзеныя ўладам, пры гэтым грэбуючы свабодай выказваньня думак, канфідэнцыйнасьцю і адказнасьцю перад грамадзтвам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ня ведаю, што такое інтэрнэт». Гісторыя Пятра Кучуры, які адседзеў у турме 17 гадоў. ВІДЭА

Арышты або прысуды за заявы ў інтэрнэце мелі месца ў 56 краінах. Урады як мінімум у 20 краінах прыпынялі доступ да інтэрнэту, а 21 дзяржава заблякавала доступ да сацыяльных сетак. Такая практыка часьцей за ўсё назіраецца падчас палітычных узрушэньняў, такіх як пратэсты і выбары. Улады прынамсі 45 краінаў падазраюцца ў атрыманьні ад прыватных правайдэраў складаных шпіёнскіх праграмаў.

«Правы карыстальнікаў інтэрнэту ва ўсім сьвеце, асабліва права на свабоду выказваньня меркаваньняў і на канфідэнцыйнасьць, масава парушаюцца ў выніку такіх дзеяньняў дзяржаваў», — сказаў Майкл Абрамавіц, прэзыдэнт Freedom House.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты праз краты. «Не хачу жыць у сярэднявеччы. Таму я тут»

Рашэньне некалькіх плятформаў дэактываваць акаўнты былога прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў сьвятле нападу на Капітолій 6 студзеня выклікала асьцярогі наконт злоўжываньняў з боку некалькіх фірмаў, якія ўплываюць на палітычныя дэбаты, і іх адказнасьці за спыненьне гвалту.

Тэхналягічныя кампаніі мелі сурʼёзныя праблемы з аўтарытарнымі ўрадамі Індыі, Нігерыі, Расеі і Турэччыны.

Паводле Freedom House, сёмы год запар найгоршым парушальнікам свабоды Інтэрнэту аказваецца Кітай. Кітайскія ўлады ўвялі надзвычай жорсткія тэрміны зьняволеньня за іншадумства ў Інтэрнэце.