Тэлеграм-канал і чат «ЧестнОК» прызналі экстрэмісцкімі

Аляксандар Івулін

Заснавальнік каналу — журналіст Аляксандар Івулін, які знаходзіцца пад арыштам.

Тэлеграм-канал «ЧестнОК» паведамляў пра падзеі ў беларускім спорце, у першую чаргу ў футболе. Пра прызнаньне яго, а таксама чату пры канале, экстрэмісцкімі паведаміў Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Цяпер канал вядзе Яраслаў Пісарэнка — калега заснавальніка каналу Аляксандра Івуліна, які цяпер пад арыштам паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

У зьняволеньні Івулін ад 4 чэрвеня. Спачатку яго затрымалі нібыта за бел-чырвона-белы сьцяг на бальконе, а затым ня выпусьцілі пасьля адміністрацыйных «сутак» і завялі на яго крымінальную справу. Пісарэнка таксама адбыў «суткі», а неўзабаве пасьля выхаду на волю пакінуў Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту і футбалісту Аляксандру Івуліну яшчэ на месяц працягнулі тэрмін затрыманьня

Івулін неаднаразова задаваў нязручныя пытаньні кіраўніцтву Беларускай фэдэрацыі футболу, спрабуючы даведацца, што адбываецца з папулярнай гульнёй у краіне. Кіраўнік фэдэрацыі Ўладзімер Базанаў спрабаваў унікаць сустрэч з Івуліным і не даваць яму ніякіх камэнтароў. Канал неаднаразова публікаваў эксклюзіўныя навіны з футбольнага жыцьця Беларусі.

Акрамя таго, Аляксандар Івулін здымаў на сваім канале падзеі свайго жыцьця ў менскіх «Крумкачах», да якіх далучыўся як футбаліст. Сілавікі неаднаразова затрымлівалі прыхільнікаў гэтай каманды за акцыі падтрымкі палітвязьня, у тым ліку за футболкі з нумарам 25, які ў камандзе мае Івулін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кайфую». Што піша на волю спартовы журналіст Івулін
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на футбольным матчы затрымалі людзей у саколках з нумарам зьняволенага журналіста Івуліна