Экс-прэм’ера Кіргізстану затрымалі па справе аб карупцыі

Джаамарт Атарбаеў

У Кіргізстане затрымалі былога прэмʼер-міністра Джаамарта Атарбаева — па падазрэньні ў карупцыі ў справе распрацоўкі залатога рудніка Кумтор

Пра гэта паведаміў Дзяржаўны камітэт нацыянальнай бясьпекі краіны.

Сьледчыя лічаць, што Атарбаеў парушыў патрабаваньні воднага кодэксу краіны і закону «Аб вадзе» у інтарэсах замежнай кампаніі. Як сьцьвярджаецца, экс-прэмʼер аказаў ціск на дзяржаўную камісію пры правядзеньні экалягічнай экспэртызы па генэральным пляне радовішча і выдаў згоду на зьнішчэньне двух леднікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-прэзыдэнта Кіргізстану Акаева даставілі ў камітэт нацбясьпекі ў Бішкеку

У пачатку жніўня па справе Кумтора арыштавалі былога прэмʼера Кіргізстану Тэміра Сарыева. Па вэрсіі сьледзтва, ён занізіў суму экалягічнай шкоды ад працы радовішча.

На допыце ў камітэце нацбясьпекі быў і былы прэзыдэнт Аскар Акаеў. Ён жыве ў Маскве і добраахвотна прыехаў у Бішкек. Акаеў выказаў гатоўнасьць супрацоўнічаць са сьледзтвам. Пасьля допыту ён паляцеў назад у Маскву.

Радовішча Кумтор распрацоўвалася сумесна з канадзкай кампаніяй Centerra Gold, але потым урад Кіргізстану распачаў працэс нацыяналізацыі радовішча. У жніўні Бішкек пачаў дэнансацыю пагадненьня па радовішчу.