Як ва Ўкраіне пакаралі вінаватых у сьмяротным ДТЗ на Карпатах, калі загінулі трое беларусаў

Карпаты, ілюстрацыйнае фота

Верхавінскі раённы суд Івана-Франкоўскай вобласьці абвясьціў вырак кіраўніку грамадзкай арганізацыі «Фэдэрацыя рафтынгу Прыкарпацьця» і кіроўцу аўтамабіля, у выніку падзеньня якога 6 траўня 2019 году ў Карпатах загінулі трое беларускіх турыстаў і яшчэ 10 атрымалі траўмы.

Згодна з выракам, кіроўцу асудзілі на 9 гадоў пазбаўленьня волі з забаронай на тры гады кіраваць транспартнымі сродкамі, а кіраўніка кампаніі рафтынгавых паслуг — на 3 гады пазбаўленьня волі.

Апроч таго, суд прызначыў салідарную маральную адказнасьць двух вінаватых перад сваякамі трох загінулых беларусаў, кожнаму зь якіх яны мусяць выплаціць па 500 тысяч грыўняў (звыш 18 тысяч даляраў у эквіваленце).

Суд таксама абавязаў спагнаць салідарна зь вінаватых маральную і матэрыяльную шкоду на карысьць яшчэ сямі пацярпелых — у памеры ад 30 да 150 тысяч грыўняў (ад 1 200 да 3 700 даляраў у эквіваленце).

Цалкам сума фінансавай адказнасьці перад пацярпелымі складае 2 мільёны 180 тысяч грыўняў (больш як 81 тысяча даляраў па стане на сёньня).

Суд пацьвердзіў, што аўтамабіль, на якім перавозіліся беларускія турысты, быў тэхнічна няспраўным, пераабсталяваным з грузавога ў пасажырскі і эксплюатаваўся ў парушэньне тэхнічных патрабаваньняў. Уласьнік транспартнага сродку таксама не ажыцьцявіў страхаваньня ад няшчасных выпадкаў пры перавозцы пасажыраў, як гэтага патрабуе заканадаўства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмяротнае ДТЗ у Карпатах: кіроўца зьняпраўджвае, што нецьвярозым кіраваў аўтамабілем

Апроч таго, суд прызнаў, што кіроўца кіраваў аўтамабілем у стане алькагольнага ап’яненьня.

Згодна з украінскім заканадаўствам, вырак можа быць абскарджаны цягам 30 дзён з моманту ягонага абвяшчэньня.

6 траўня 2019 году ў Верхавінскім раёне Івана-Франкоўскай вобласьці аўтамабіль з 23 беларускімі турыстамі абрынуўся ў раку Чорны Чарамош з вышыні 30-40 мэтраў, тры чалавекі загінулі, яшчэ 10 атрымалі траўмы. Паводле сьледзтва, кіроўца ня справіўся з кіраваньнем на пад’ёме, у выніку чаго аўтамабіль пачаў рухацца назад і сарваўся з абрыву ў раку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Летась звадзіў у паходы 500 чалавек». Сястра загінулага ў Карпатах кіраўніка групы распавяла пра брата