Дыскваліфікаванага Баскава вывелі са складу рады дырэктараў Кантынэнтальнай хакейнай лігі

Казакі на варце Кубка Гагарына, галоўнага трафэю КХЛ

Адхіленага рашэньнем Міжнароднай фэдэрацыі хакею на 5 гадоў ад спартовай дзейнасьці Дзьмітрыя Баскава таксама вывелі са складу рады дырэктараў Кантынэнтальнай хакейнай лігі (КХЛ).

Як паведамляецца на сайце КХЛ, месца Дзьмітрыя Баскава заняў генэральны дырэктар ХК «Дынама-Менск» Сяргей Сушко.

10 верасьня Дзьмітры Баскаў пакінуў пасаду старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі. У паведамленьні арганізацыі ўдакладнялася, што функцыянэр напісаў заяву аб звальненьні ў сувязі зь «неабгрунтаваным грубым ціскам і каб не нашкодзіць віду спорту».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня Фэдэрацыі хакею Баскаў сышоў з пасады пасьля дыскваліфікацыі

Раней Міжнародная фэдэрацыя хакею (IIHF) заявіла, што ў выпадку, калі Фэдэрацыя хакею Беларусі будзе ігнараваць патрабаваньні аб дыскваліфікацыі Дзьмітрыя Баскава, санкцыі могуць чакаць яе саму.

Дзьмітрыя Баскава дыскваліфікавалі пасьля 9-месячнага расьсьледаваньня Дысцыплінарнай камісіі IIHF, якая палічыла, што ён парушае Кодэкс паводзінаў фэдэрацыі. Дзеяньне санкцыі скончыцца 9 верасьня 2026 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BYPOL зьняпраўдзіў заяву КДБ аб «спэцапэрацыі» з удзелам Баскава, Эйсмант і Шакуты

У прыватнасьці Дзьмітрыя Баскава падазраюць у датычнасьці да забойства гарадзкога актывіста Рамана Бандарэнкі. Інцыдэнт здарыўся 11 лістапада 2020 году на «плошчы Перамен» у Менску, дзе група людзей зразала бел-чырвона-белыя стужкі. На Рамана Бандарэнку напалі, ён атрымаў цяжкія раненьні і на наступны дзень ад іх памёр.

Пасьля гэтага IIHF атрымала справаздачы ад Беларускага фонду спартовай салідарнасьці (BSSF) і даручыла незалежнай сьледчай фірме зрабіць агляд агульнадаступнай інфармацыі адносна сьцьвярджэньняў пра датычнасьць Дзьмітрыя Баскава да інцыдэнту ды іншых неспартовых дзеяньняў.