Беларусь вярнула на сваю тэрыторыю мігрантаў, якія месяц жылі побач з нэўтральнай паласой

Мігранты на польска-беларускай мяжы недалёка ад гораду Уснаж-Гурны, жнівень 2020

Беларускі бок вярнуў больш за тры дзясяткі іншаземцаў, якія ў сярэдзіне жніўня атабарыліся на мяжы з Польшчай, паведаміла кіраўніцтва Прыбужанскага памежнага атраду.

«Беларускія службы эвакуявалі некалькі дзесяткаў мігрантаў. Людзі амаль месяц жылі на тэрыторыі Беларусі побач з польскай мяжой у разьліку на незаконнае пранікненьне ў Эўразьвяз», — спасылаецца «Радыё Польшча» на кіраўніка падразьдзяленьня Дарыюша Сеніцкага.

Ён пры гэтым падкрэсьліў, што згаданая група мігрантаў ніколі не была на польскай тэрыторыі. Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі пакуль што ніяк не пракамэнтаваў заяву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест калідора мігрантаў на Захад — адстойнік. Чаму праваліўся амбітны плян Лукашэнкі

Больш за тры дзесяткі мігрантаў апынуліся пад аховай сілавых структур дзьвюх краін на польска-беларускай мяжы недалёка ад гораду Уснаж-Гурны. З аднаго боку іх ахоўвалі ўзброеныя супрацоўнікі беларускіх сілавых структураў, якія не давалі вярнуцца ў Беларусь. Зь іншага боку мігрантаў стрымлівалі польскія памежнікі, не дазваляючы прайсьці ў Польшчу.

Напярэдадні адбылася сустрэча канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім. Бакі назвалі дзеяньні беларускіх уладаў у арганізацыі міграцыйнага крызісу «гібрыднай атакай», дзе ў якасьці «інструмэнту ціску» выкарыстоўваюцца жывыя людзі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод тэмаў апошняга візыту Мэркель у якасьці канцлера ў Польшчу — Беларусь

Ангела Мэркель удакладніла, што раней абмяркоўвала сытуацыю з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, які паабяцаў давесьці эўрапейскую заклапочанасьць да Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі польскія памежнікі зафіксавалі 244 спробы незаконнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі: двух мігрантаў затрымалі, астатніх разьвярнулі назад.