Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежная служба Польшчы апублікавала відэа, на якім беларускія памежнікі падвозяць мігрантаў


Група мігрантаў на мяжы Беларусі і Польшчы, архіўнае фота

Памежная служба Польшчы апублікавала відэа, на якім, як сьцьвярджаецца, беларускія памежнікі займаюцца транспартаваньнем мігрантаў на розныя ўчасткі.

Як паведамляе «Настоящее время», на відэа людзі ў вайсковай форме дапамагаюць мігрантам забрацца ў машыну, накрытую тэнтам. Затым ідуць кадры, дзе памежнікі за калючым дротам паказваюць невядомым рукамі, куды трэба ісьці.

Па зьвестках ведамства, 9 верасьня польскія памежнікі спынілі 140 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы, напярэдадні такіх спробаў было 194. Пазначана, што групы замежнікаў хаваюцца за лесам за некалькі сотняў мэтраў ад мяжы і чакаюць зручнага часу, каб яе перайсьці.

Такое ж відэа публікавалі і літоўскія памежнікі

Гэта ўжо ня першае такое відэа. Літоўскія памежнікі раней апублікавалі відэа, на якім беларускія сілавікі прымушаюць мігрантаў перасякаць мяжу Літвы.

Памежнікі Літвы тады заявілі, што не прымяняюць сілу да мігрантаў, адзначыўшы, што гэтым займаюцца якраз беларускія памежнікі, што відаць і на відэа. Група з 13 мігрантаў адмовілася парушаць дзяржаўную мяжу Літвы і плянавала вярнуцца зь Беларусі ў свае краіны, аднак беларускія сілавікі пачалі выціскаць іх у бок мяжы з Эўразьвязам.

У Памежным камітэце Беларусі тады, камэнтуючы відэа, заявілі, што здарэньне адбылося на мінулым тыдні і ў дачыненьні да ўцекачоў не ўжывалі фізычную сілу. Паводле ведамства, літоўскія сілавікі даставілі мігрантаў да мяжы і спрабавалі выцесьніць іх у Беларусь, але мігранты «ня рухаліся ў Беларусь нават пры адсутнасьці беларускіх памежнікаў».

«Зь відэа зразумела, што фізычная сіла ў дачыненьні да ўцекачоў беларускім бокам не ўжывалася. Група замежнікаў знаходзілася на лініі мяжы каля 8 дзён, пасьля чаго прайшла ўглыб тэрыторыі Літвы», — паведамляе Памежны камітэт Беларусі.

  • За дзевяць дзён у верасьні мяжу з Польшчай спрабавалі перасекчы 1300 чалавек, у жніўні — каля трох тысяч. 2 верасьня праз наплыў мігрантаў улады Польшчы ўвялі надзвычайнае становішча. Згодна з указам, надзвычайнае становішча закранае ўчастак польска-беларускай мяжы, а менавіта 115 населеных пунктаў Падляскага ваяводзтва і 68 — Люблінскага.
  • Паток мігрантаў, у асноўным з Іраку і іншых краінаў Блізкага Ўсходу, якія перабіраюцца ў ЭЗ празь Беларусь, рэзка вырас летам 2021 году. Памежнікі Латвіі, Літвы і Польшчы лічаць, што да гэтага датычныя ўлады Беларусі, якія за грошы дастаўляюць уцекачоў у Менск пры дапамозе дзяржаўнай турыстычнай кампаніі, а затым прывозяць іх на мяжу.
  • У канцы жніўня Эўрапейскі суд правоў чалавека запатрабаваў ад Польшчы і Латвіі аказаць мігрантам дапамогу — ежай, вадой, адзеньнем, належнай мэдычнай дапамогай і, калі магчыма, часовым жыльлём.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG