За мінулыя суткі польскія памежнікі не пусьцілі ў краіну 74 чалавекі, якія намагаліся парушыць дзяржаўную мяжу з боку Беларусі. Затрымалі траіх — двух грамадзян Польшчы і аднаго Ўзбэкістану, яны падазраюцца ў спрыяньні нелегальнай міграцыі.
Уся група з 13 чалавек, затрыманых раней за зьнішчэньне агароджы з калючага дроту, знаходзіцца цяпер пад паліцэйскім арыштам. Як паведаміў прэс-сакратар паліцыі Падляскага ваяводзтва Польшчы Томаш Крупа для Radio Białystok, у гэты момант паліцыя афармляе дакумэнты, у якіх сабраныя доказы віны арыштаваных.
Хутчэй за ўсё, супраць 13 чалавек, затрыманых напярэдадні на мяжы зь Беларусьсю з польскага боку, пачнуць крымінальныя справы за «зьнішчэньне маёмасьці».
Акрамя таго, асобныя заявы супраць парушальнікаў зьбіраецца падаць у суд Памежная варта. 12 грамадзян Польшчы і грамадзянін Нідэрляндаў могуць атрымаць, такім чынам, абвінавачаньні ва ўваходзе ў памежную зону ў недазволеным месцы. За гэта ім пагражае штраф у памеры да 5 тысяч злотых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы затрымалі 13 чалавек, якія зьнішчалі агароджу на мяжы зь БеларусьсюРаней Польшча заявіла, што ўзьвядзе на мяжы зь Беларусьсю плот вышынёй 2,5 мэтра, каб бараніцца ад мігрантаў, якіх афіцыйны Менск дастаўляе наўмысна. Варшава, як і кіраўніцтва краінаў Балтыі, вінаваціць Лукашэнку ў гібрыднай атацы з дапамогай мігрантаў.
Латвія і Літва заканадаўча пашырылі паўнамоцтвы вайскоўцаў пры ахове дзяржаўнай мяжы, у Літве, акрамя таго, заявілі пра пабудову плоту. Неўзабаве гэтую ідэю ўзяла на ўзбраеньне і Польшча. У Латвіі тым часам павялічылі турэмны тэрмін за незаконны пераход дзяржаўнай мяжы.
У апошнія тыдні суседнія зь Беларусьсю краіны спрабуюць не затрымліваць мігрантаў, якія хочуць парушыць дзяржаўную мяжу, а проста адпраўляюць іх назад у Беларусь. Афіцыйны Менск вінаваціць Вільню, Варшаву і Рыгу ў кепскім абыходжаньні зь мігрантамі і парушэньні міжнародных законаў, а суседнія краіны заяўляюць, што мігранты зьяўляюцца толькі зброяй у руках Лукашэнкі, якой ён хоча дамагчыся сваіх палітычных мэтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Балтыі і Польшча выступілі з сумеснай заявай наконт Беларусі і «шантажу мігрантамі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Восем мігрантаў адправіліся зь Літвы на радзіму