Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы затрымалі 13 чалавек, якія зьнішчалі агароджу на мяжы зь Беларусьсю


Польскія памежнікі ахоўваюць мяжу зь Беларусьсю, 20 жніўня 2021 году
Польскія памежнікі ахоўваюць мяжу зь Беларусьсю, 20 жніўня 2021 году

У МУС Польшчы паведамілі, што вінаватыя панясуць крымінальную адказнасьць за свае дзеяньні.

Жаўнеры памежнай службы Польшчы і вайскоўцы іншых падразьдзяленьняў затрымалі на мяжы зь Беларусьсю 13 чалавек. Памежная варта краіны паведаміла, што ў групу ўваходзілі 12 палякаў і адзін галяндзец, яны разбуралі агароджу, якая ўзводзіцца на мяжы зь Беларусьсю.

Праводзяцца сьледчыя дзеяньні з мэтай прад’яўленьня абвінавачаньняў названай групе асоб, паведамляе DW.

Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі назваў сытуацыю на мяжы «абсалютна непрымальнай». Па словах міністра, парушальнікі панясуць крымінальнае пакараньне.

«Мы будзем рэагаваць на падобныя дзеяньні з поўнай рашучасьцю», — падкрэсьліў Каміньскі.

Раней Польшча заявіла, што ўзьвядзе на мяжы зь Беларусьсю плот вышынёй 2,5 мэтра, каб бараніцца ад мігрантаў, якіх афіцыйны Менск дастаўляе адмыслова. Варшава, як і кіраўніцтва краінаў Балтыі, вінаваціць Лукашэнку ў гібрыднай атацы з дапамогай мігрантаў.

Латвія і Літва заканадаўча пашырылі паўнамоцтвы вайскоўцаў пры ахове дзяржаўнай мяжы, у Літве, акрамя таго, заявілі пра пабудову плоту. Неўзабаве гэтую ідэю ўзяла на ўзбраеньне і Польшча. У Латвіі тым часам павялічылі турэмны тэрмін за незаконны пераход дзяржаўнай мяжы.

У апошнія тыдні суседнія зь Беларусьсю краіны спрабуюць не затрымліваць мігрантаў, якія хочуць парушыць дзяржаўную мяжу, а проста адпраўляюць іх назад у Беларусь. Афіцыйны Менск вінаваціць Вільню, Варшаву і Рыгу ў кепскім абыходжаньні зь мігрантамі і парушэньні міжнародных законаў, а суседнія краіны заяўляюць, што мігранты зьяўляюцца толькі зброяй у руках Лукашэнкі, якой ён хоча дамагчыся сваіх палітычных мэтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG