Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За дзень у Эўразьвяз зь Беларусі спрабавалі трапіць 322 мігранты. Сямʼя ўцекачоў расказала, што ў Беларусі ў іх забралі пашпарты


Архіўнае фота. Мігранты на літоўскай мяжы
Архіўнае фота. Мігранты на літоўскай мяжы

Латвійскі партал Sargs.lv, створаны Міністэрствам абароны Латвіі, расказаў пра ірацкую сям’ю, якую тыдзень таму паказалі ў роліку Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.

Памежны камітэт Беларусі 14 жніўня заявіў, што латвійскія памежнікі сілай даставілі да мяжы групу мігрантаў, а калі нейкай жанчыне стала дрэнна і ўцекачы зьвярнуліся да іх па дапамогу, дык «усе дзеяньні латвійскіх сілавікоў зьвяліся да стрыманага назіраньня і фіксацыі таго, што адбываецца, на відэа». Тады жанчыну, яе мужа і дзіця даставілі ў верхнядзьвінскі шпіталь.

Як піша Sargs.lv, на мінулым тыдні гэтую сямʼю мігрантаў пусьцілі ў Латвію з гуманітарных прычынаў. Як расказалі мігранты на відэа, 11 жніўня яны прыляцелі з Іраку ў Беларусь праз Стамбул як турысты.

На другі дзень іх з групай суайчыньнікаў адвезьлі да мяжы на машынах, а потым людзі ў форме правялі іх уначы лесам да мяжы з Латвіяй. Латвійскія памежнікі не пусьцілі іх у краіну і адправілі да беларускай мяжы, але беларускія памежнікі зноў разьвярнулі іх і сказалі ісьці ў Латвію.

Паводле мужчыны, калі ягонай жонцы стала вельмі дрэнна, беларускі бок выклікаў хуткую. Сям’я правяла ў шпіталі 2 дні. Мужчына кажа, што ён настойваў на вяртаньні ў Менск, каб потым вярнуцца ў Ірак, але праз два дні людзі ў форме забралі ў іх пашпарты і адмовіліся іх вяртаць. Жанчыну выпісалі з шпіталя, нягледзячы на тое, што яна ўсё яшчэ дрэнна сябе адчувала, і адвезьлі назад на мяжу.

Паводле іракца, беларускія сілавікі са шчытамі выштурхнулі іх да мяжы. Мужчына кажа, што сям’я хоча вярнуцца назад у Ірак і не зьбіраецца прасіць прытулку ў Латвіі ці іншай краіне.

Латвійскую мяжу ўчора спрабаваў перайсьці 101 мігрант, літоўскую — 150, польскую — 71

За апошнія суткі зноў вырасла колькасьць мігрантаў, якія спрабавалі трапіць зь Беларусі ў Латвію і Літву па-за пунктамі пропуску.

25 жніўня літоўскія памежнікі не пусьцілі ў краіну 150 мігрантаў. Ад пачатку году там затрымалі 4140 мігрантаў. Апошнім часам памежнікі амаль не прапускаюць іх у краіну. Агульную колькасьць разьвернутых на мяжы мігрантаў улады Літвы не паведамляюць.

Дзяржаўная памежная ахова Латвіі ў сераду разьвярнула на мяжы 101 мігранта. Усяго за жнівень у краіну не пусьцілі 645 чалавек.

Польскія памежнікі спынілі 71 спробу парушэньня мяжы і затрымалі 20 іншаземцаў. Ад пачатку жніўня такіх спробаў было больш за 3 тысячы.

Вечарам 26 жніўня Памежны камітэт Беларусі заявіў, што 25 жніўня спынілі спробу латвійскіх памежнікаў выцесьніць на беларускую тэрыторыю 21 мігранта, у тым ліку 11 дзяцей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG