Міграцыйны крызіс: Эўразьвяз, ня трэба капіяваць падыходы Лукашэнкі

Латвійскі памежнік глядзіць на мігрантаў, затрыманых на мяжы зь Беларусьсю, 11 жніўня 2021

Журналістка Наста Захарэвіч, якая атрымала палітычны прытулак у Латвіі, піша пра цяперашнюю сытуацыю на мяжы Беларусі і Эўразьвязу.

Некалькі дзён запар улады Латвіі рапартавалі, што сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю пад кантролем і спакойная. Усе гэтыя дні дабрачынная арганізацыя, што дапамагае ўцекачам, зьбірае цёплыя рэчы для людзей, якія, насуперак пазытыўным справаздачам, «завісьлі» фактычна проста ў лесе і жывуць пад адкрытым небам — нават не ў намётавым лягеры, як гэта было ў Літве. Таксама ў СМІ трапляюць падобныя гісторыі пра мяжу Беларусі з Польшчай і Літвой.

Уцекачы аказваюцца на тэрыторыі паміж краінамі, ніводная зь якіх ня хоча іх прымаць. Чыноўнікі збольшага занятыя гібрыднай вайной і дэманстрацыяй уласнай прынцыповасьці. Тое, што ад прынцыповасьці пакутуюць жывыя людзі, становіцца дробным пабочным эфэктам, на які, як гэта звычайна бывае падчас вайны, асабліва не зьвяртаюць увагі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭСПЧ вынес пастанову аб уцекачах на мяжы Польшчы і Латвіі

Гэтая сытуацыя добра паказвае, наколькі нелінейна разьвіваюцца грамадзтвы, і які тонкі на самой справе на нашай цывілізацыі налёт гуманнасьці і правоў чалавека. Эўразьвяз жа прынята лічыць тэрыторыяй, дзе правы чалавека сапраўды маюць значэньне. Але, як бачым, «ёсьць нюансы».

Безумоўна, Лукашэнка вінаваты ў тым, што простыя людзі, якія шукаюць лепшага і проста бясьпечнага месца для жыцьця, апынуліся ў небясьпецы ў лепшым выпадку ў лягеры ўцекачоў, у горшым — проста завісьлі на мяжы паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Мы шмат асуджаем Лукашэнку за шантаж і маніпуляцыі і маем рацыю. Але другі палітычны бок гэтай сытуацыі — улады Латвіі, Літвы і Польшчы — таксама аказваюцца зусім не анёламі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Балтыі і Польшча выступілі з сумеснай заявай наконт Беларусі і «шантажу мігрантамі»

Пакуль Лукашэнка паказвае, што ў яго ўсё добра з фантазіяй і што ён можа знаходзіць усё новыя спосабы псаваць жыцьцё іншым людзям, улады Латвіі, Літвы і Польшчы «становяцца ў позу» і сваёй адзінай мэтай быццам бы бачаць спыненьне гэтых маніпуляцый. Само па сабе гэтае жаданьне зразумелае, але пры спаборніцтве паміж уладамі пакутуюць уласна ўцекачы.

Часам у мяне складваецца адчуваньне, што ім ня тое што недастаткова спачуваюць, а ўвогуле за людзей не лічаць. У Латвіі, напрыклад, на частцы тэрыторыі ўвялі надзвычайнае становішча і ўвогуле не прымаюць заявы на атрыманьне статусу ўцекача. А на так званай нэўтральнай паласе паміж Латвіяй і Беларусьсю знаходзіцца больш за сорак чалавек, і сярод іх ёсьць дзеці, якім ня споўнілася нават тры гады. Яны сьпяць нават не ў намётах, а проста пад адкрытым небам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранты з 11 дзецьмі тыдзень сядзяць на мяжы Латвіі і Беларусі. Іх не прапускаюць памежнікі

Усё гэта паказальна адбываецца на фоне распаўсюджанай у нашых грамадзтвах рыторыкі, нібыта мусульманская культура небясьпечная для Эўропы і ў цэлым нейкая непаўнавартасная ў параўнаньні з хрысьціянскай. Але вельмі важную ролю ў хрысьціянскім бачаньні сьвету займае спачуваньне і любоў да бліжняга. І куды ж падзеліся гэтыя каштоўнасьці ў чыноўнікаў, якія забараняюць пускаць уцекачоў на тэрыторыю краіны? Дзе ўсёпранікальныя любоў людзей, якія, клапоцячыся пра эўрапейскую культуру, так абыходзяцца з тымі, хто да гэтай культуры не належыць?

А няма там такіх каштоўнасьцяў. Ёсьць толькі адстойваньне ўласных інтарэсаў, прыпраўленае ксэнафобіяй. Краіны ЭЗ больш ахвотна прымалі беларускіх уцякачак і ўцекачоў, але цяперашняя сытуацыя зь людзьмі з Іраку і Афганістану празрыста намякае, што гэта быў не высокі гуманізм, а звычайны палітычны крок.

Вядома ж, дзякуй за дапамогу, але добра было б распаўсюджваць правы чалавека на ўсіх без выключэньня, а ня толькі на нас. Ня трэба капіяваць мэтады Лукашэнкі, гуляючыся людзьмі, нібы шашкамі. Мы ўсе жывыя, і нам баліць аднолькава.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.