Байдэн можа прыняць рашэньне падоўжыць эвакуацыю з Афганістану

Пасадка ўцекачоў у амэрыканскі транспартны самалёт у аэрапорце Кабулу

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн мае намер прыняць рашэньне аб падаўжэньні апэрацыі эвакуацыі з Кабулу амэрыканскіх грамадзянаў і афганцаў, якія супрацоўнічалі са Злучанымі Штатамі, цягам сутак.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва Reuters са спасылкай на высокапастаўленага супрацоўніка Белага дому.

Раней прэзыдэнт Джо Байдэн абвяшчаў пра тое, што амэрыканскія вайскоўцы будуць цалкам выведзеныя з Афганістану да 31 жніўня і апэрацыя па эвакуацыі з краіны патэнцыйна дзясяткаў тысяч людзей мусіла завяршыцца да гэтай даты.

Аднак, выступаючы ў нядзелю, Джо Байдэн прызнаў, што гэты «цяжкі і балючы працэс» спалучаны з праблемамі. Амэрыканскія войскі могуць застацца ў Афганістане і пасьля 31 жніўня, сказаў прэзыдэнт Байдэн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы папярэдзілі, што не пагодзяцца падоўжыць тэрмін вываду сілаў NATO з Афганістану

Учора прадстаўнікі талібаў папярэдзілі пра тое, што перанос крайняга тэрміну вываду амэрыканскіх салдат будзе мець нэгатыўныя наступствы. Адначасова Вялікая Брытанія заклікала Белы дом адкласьці вывад войскаў да завяршэньня апэрацыі па эвакуацыі.

Брытанскія, францускія і нямецкія вайскоўцы ўдзельнічаюць у гэтай апэрацыі. Яны ня змогуць яе працягнуць у выпадку вываду амэрыканскага кантынгенту, які налічвае зараз 6 тысяч чалавек. Сёньня кіраўнікі краінаў Вялікай сямёркі праводзяць віртуальную нараду, дзе будзе абмяркоўвацца гэтае пытаньне.

У панядзелак увечары кангрэсмэн Адам Шыф, кіраўнік камітэту Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ў справах выведкі назваў «вельмі малаімаверным» завяршэньне эвакуацыі цягам васьмі дзён, улічваючы колькасьць амэрыканцаў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў Афганістане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы накіравалі байцоў для захопу Панджшэра. Лідэр супраціву Масуд адмовіўся здаць рэгіён
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка западозрыў ЗША ў «сьвядомай дэстабілізацыі» ў зоне адказнасьці АДКБ