Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талібы папярэдзілі, што не пагодзяцца падоўжыць тэрмін вываду сілаў NATO з Афганістану


Спроба прарвацца на лётнае поле ў кабульскім аэрапорце
Спроба прарвацца на лётнае поле ў кабульскім аэрапорце

Рух «Талібан», які захапіў уладу ў Афганістане, папярэдзіў, што не пагодзіцца на падаўжэньне тэрміну вываду з краіны амэрыканскіх і іншых замежных войскаў звыш раней абвешчанай крайняй даты, гэта значыць 31 жніўня.

У Вашынгтоне раней, камэнтуючы сытуацыю з вывадам сілаў NATO, заявілі, што хаатычная эвакуацыя тысячаў людзей, якія ўцякаюць з Афганістану, можа запатрабаваць прысутнасьці заходніх войскаў у краіне і пасьля вызначанага апошняга тэрміну.

Афганістан праз сталічны аэрапорт пакідаюць дзясяткі тысяч людзей. Акрамя таго, з краіны вывозяць супрацоўнікаў замежных дыпмісіяў. Многія афганцы баяцца помсты ісламістаў за супрацоўніцтва з заходнімі ўрадамі. Талібы разьмясьцілі паблізу аэрапорту свае сілы. Яны сьцьвярджаюць, што спрабуюць дапамагчы забясьпечыць парадак.

За некалькі дзён хаосу, пачынаючы з 15 жніўня, калі талібы занялі Кабул, у гарадзкім аэрапорце загінулі больш за 20 чалавек, у асноўным у выніку страляніны і цісканіны.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, кажучы пра крызіс і абставіны, якімі суправаджаецца эвакуацыя людзей, сказаў, што ягоныя дарадцы па бясьпецы абмяркоўваюць магчымасьць пакінуць амэрыканскіх вайскоўцаў у Афганістане на даўжэйшы час, чым да канца жніўня.

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, як чакаецца, на экстранай сустрэчы лідэраў «Вялікай сямёркі» 24 жніўня папросіць Байдэна падоўжыць пэрыяд эвакуацыі. А МЗС Францыі ўжо пагадзілася з тым, што для завяршэньня вывазу людзей з Кабулу неабходна больш часу.

Прадстаўнік талібаў Сахаіл Шахін у інтэрвію Sky News у панядзелак падкрэсьліў, што далейшая прысутнасьць замежных салдатаў у Афганістане «створыць атмасфэру недаверу» і «справакуе рэакцыю». «Гэта чырвоная рыса. Прэзыдэнт Байдэн анансаваў, што да 31 жніўня будуць выведзеныя ўсе вайсковыя сілы. Гэта значыць, што калі яны падоўжаць тэрмін, гэта будзе азначаць, што яны падоўжаць акупацыю», — сказаў Шахін. Якія магчымыя наступствы могуць чакаць заходніх саюзьнікаў, ён не ўдакладніў.

Паводле інфармацыі Белага дому, з 14 жніўня ЗША эвакуавалі або дапамаглі выехаць з Афганістану прыкладна 37 тысячам чалавек.

Бясьпеку кабульскага аэрапорту гарантуюць амэрыканскія і брытанскія салдаты, а таксама вайскоўцы зь іншых заходніх краінаў. Яны імкнуцца, сярод іншага, не дапусьціць новых выпадкаў несанкцыянаванага праходу людзей на лётнае поле і забясьпечыць спакойны прыём і адпраўку вайсковых і цывільных самалётаў, якія задзейнічаныя ў эвакуацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG