Ужо 174 каналы і чаты ў Telegram улады Беларусі прызналі экстрэмісцкімі

Ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцы апублікавалі дадзеныя на 21 жніўня. За перадрук допісаў шэрагу каналаў грамадзян ужо каралі суткамі зьняволеньня і буйнымі штрафамі.

Большасьць з каналаў суды прызналі экстрэмісцкімі ў 2021 годзе — пачынаючы з 18 лютага ўлады ўнесьлі ў сьпіс забароненых 167 тг-каналаў і чатаў.

Згодна зь цяперашнім заканадаўствам, «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданьне, захоўваньне або перавозка такой інфармацыі» (19.11 КаАП) караецца адміністрацыйнай адказнасьцю.

«Вясьне» вядома пра як мінімум 30 судовых пасяджэньняў па гэтым артыкуле. Агулам людзям прысудзілі 12 557 рублёў штрафу і 164 дні арышту.

Акрамя каналаў і чатаў у Тэлеграме, улады прызнаюць экстрэмісцкімі і рэдакцыі недзяржаўных выданьняў. У апошнія тыдні такімі прызналі Tribuna.com, Tut.by, Zerkalo.io, сацыяльныя сеткі Hrodna.life.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Матэрыялы Tut.by і Zerkalo.io прызналі экстрэмісцкімі. Рэдакцыя заявіла, што не парушае закон
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спартыўны партал Тribuna.com і яго сацсеткі прызналі экстрэмісцкімі