Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матэрыялы Tut.by і Zerkalo.io прызналі экстрэмісцкімі. Рэдакцыя заявіла, што не парушае закон


Zerkalo.io
Zerkalo.io

Суд Цэнтральнага раёну Менску 13 жніўня прызнаў інфармацыйную прадукцыю Zerkalo.io, Tut.by і яго сацыяльных сетак экстрэмісцкімі матэрыяламі, паведаміла Zerkalo.io.

Пазоў падало МУС. Паводле яго, «на інтэрнэт-рэсурсе Zerkalo.io журналістамі каманды Tut.by

  • працягваецца інфармацыйны ціск, накіраваны на разьмяшчэньне інфармацыі з ухілам на дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады,
  • інфармацыя падаецца аднабакова, з нэгатыўнай ацэнкай дзейнасьці дзяржаўных органаў, дзе завуалявана (ад трэцяй асобы) пад выглядам інфармацыйных паведамленьняў фармуецца кантэнт, які стварае масіраваны інфармацыйны ціск на падпісантаў,
  • ажыцьцяўляецца прапаганда пратэставай актыўнасьці ў грамадзтве (так званыя флэшмобы), накіраваная на фармаваньне і падтрыманьне пратэставага настрою сярод грамадзян і дэстабілізацыю грамадзкай абстаноўкі ў краіне», — гаворыцца ў абгрунтаваньні, якое даслалі ў суд з МУС.

Таксама суд прызнаў экстрэмісцкімі лягатыпы Tut.by і Zerkalo.

Пасьля ўнясеньня ў Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў распаўсюд усякай прадукцыі Tut.by і Zerkalo.io будзе лічыцца адміністрацыйным правапарушэньнем.

Павзыцыя рэдакцыі: Мы выконваем прынцыпы журналістыкі і беларускія законы

Рэдакцыя Zerkalo.io у адказ адзначыла, што большая частка каманды Tut.by ня мае да новага праекту ніякага дачыненьня.

Пазыцыя рэдакцыі ў сувязі з гэтым рашэньнем наступная: «Мы ўпэўненыя, што не парушаем закон і прэтэнзіі МУС зьяўляюцца беспадстаўнымі. Журналісты Zerkalo.io захоўваюць прынцыпы журналістыкі і беларускія законы».

Выканаўца абавязкаў рэдактара новага праекту — Ганна Калтыгіна. Рэдакцыя працуе з-за мяжы. Прыярытэтнымі тэмамі для сябе сайт вызначыў грамадзтва, палітыку і фінансы, іншыя тэмы займаюць менш месца, чым займалі раней, калі частка каманды працавала ў Tut.by.

Сайт Zerkalo.io улады Беларусі заблякавалі на тэрыторыі краіны ў першы ж дзень працы. Усяго за год пасьля пачатку пратэстаў, паводле БАЖ, улады заблякавалі доступ на тэрыторыі Беларусі больш як да 100 сайтаў і старонак СМІ, у тым ліку да сайта Радыё Свабода.

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG