Міжнародную фэдэрацыю асацыяцый кінапрадусараў просяць прыпыніць акрэдытацыю фэстывалю «Лістапад»

Чырвоная дарожка кінафэстывалю «Лістапад», архіўнае фота

Беларуская рада культуры зьвярнулася да прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі асацыяцый кінапрадусараў Люіса Альбэрта Скалелы з просьбай прыпыніць міжнародную акрэдытацыю кінафэстывалю «Лістапад».

«Правядзеньне міжнароднай імпрэзы немагчымае ў краіне, дзе дзеячаў культуры і ў прынцыпе ўсіх нязгодных рэпрэсуюць. Да ўсяго адзін з арганізатараў фэсту — Белтэлерадыёкампанія, рассаднік зла і хлусьні, якая паказвае ў сваім эфіры зьдзекі з палітвязьняў. А дырэкцыя з гэтага году — кінастудыя „Беларусьфільм“, структура Мінкульту, які выступае жорсткім цэнзарам усяго жывога ў беларускай культуры», — зазначае ў лісьце кіраўнік Рады Сяргей Будкін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фіналісты «Лістапада» зьняліся з конкурсу, пратэстуючы супраць цэнзуры Міністэрства культуры

Фэстываль «Лістапад» заплянаваны на 20–26 лістапада. Аднак пакуль што не агучылі канцэпцыі, не прызначылі праграмнага кіраўніцтва.

Колішнюю дырэктарку і адну з арганізатарак кінафоруму Анжаліку Крашэўскую затрымлівалі летась падчас адной зь мірных акцый пратэсту, ад імпрэзы яна адлучаная. Акрамя таго, яна сярод больш чым 2 тысяч падпісантаў мэмарандуму ў абарону незалежнасьці Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2200 беларусаў падпісаліся пад мэмарандумам у абарону незалежнасьці — палітыкі, дзеячы культуры, спартоўцы

Пры гэтым заяўлена, што сёлета ня будзе нацыянальнага конкурсу — асноўнай пляцоўкі для прэм’ерных прац беларускіх рэжысэраў, сцэнарыстаў, актораў. Зрэшты, Міністэрства культуры яшчэ раней цэнзуравала ўдзельнікаў, выкрэсьліваючы з праграмы неляяльных творцаў.

Але ў ведамстве праанансавалі спэцыяльны «прыз прэзыдэнта» — «За духоўнасьць і гуманізм».

Беларуская Рада культуры зьвярнулася да знаўцаў і аматараў кіно, рэжысэраў, прадусараў і актораў з заклікам праігнараваць фэстываль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэкцыя кінафэстывалю «Лістапад» супраць цэнзуры Міністэрства культуры

Раней Эўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) прыпыніў сяброўства Белтэлерадыёкампаніі ў міжнароднай арганізацыі. Галоўнымі прычынамі названыя здушэньне свабоды слова ў краіне і рэпрэсіі супраць СМІ.