У Латвію не пусьцілі яшчэ 88 мігрантаў, якія прыйшлі зь Беларусі

Сьцягі Латвіі і Эўразьвязу

Працягваецца міграцыйны крызіс на латвійска-беларускім памежжы. Мігранты з краін Блізкага Ўсходу працягваюць парушаць дзяржаўную мяжу Латвіі.

Латвійскія памежнікі прадухілілі пранікненьне 88 мігрантаў на тэрыторыю краіны, паведамляе Дзяржаўная служба памежнай аховы Латвіі.

З 10 жніўня незаконна перасекчы латвійска-беларускую дзяржаўную мяжу не змаглі 333 чалавекі.

У мінулыя суткі затрыманых за незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы не было. Усяго ж сёлета латвійскія памежнікі затрымалі 353 грамадзян трэціх краін, якія незаконна перайшлі дзяржаўную мяжу краіны, выкарыстаўшы Беларусь як транзытную тэрыторыю.

Прэзыдэнт Латвіі Эгілс Левітс 13 жніўня прапанаваў мігрантам з трэціх краінаў, якія незаконна перайшлі мяжу Латвіі з боку Беларусі, прасіць прытулку ў афіцыйнага Менску. Дзеяньні Лукашэнкі ён назваў «гібрыднай вайной супраць Латвіі і Эўразьвязу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія памежнікі штурхаюць мігрантаў на тэрыторыю Латвіі, не пускаючы назад у Беларусь. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка гандлюе людзьмі на экспарт