Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка гандлюе людзьмі на экспарт


Мігранты, затрыманыя на мяжы Латвіі зь Беларусьсю, 11 жніўня 2021
Мігранты, затрыманыя на мяжы Латвіі зь Беларусьсю, 11 жніўня 2021

Беларуская журналістка Наста Захарэвіч, якая папрасіла палітычны прытулак у Латвіі і знаходзіцца ў тамтэйшым лягеры для ўцекачоў, піша пра прычыны міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і Эўразьвязу.

Пазаўчора ўночы я тэрмінова выселілася зь лягера ўцекачоў пад Рыгай. Большасьць людзей, якія жылі там у апошнія месяцы, пераехалі ў імправізаваны лягер у Юрмале. Так мы вызвалілі месцы для людзей з Іраку, затрыманых на беларуска-латвійскай мяжы. Можна сказаць, ім яшчэ пашанцавала — тут яны ў цёплым і сухім будынку, а ня ў мокрых намётах, як у Літве.

За апошнія чатыры дні ў лягер пад Рыгай прывезьлі 384 чалавекі, і 105 зь іх — гэта дзеці. Большасьць зь іх цяпер у карантыне, а гэта значыць, што супрацоўнікам трэба тры разы на дзень разносіць ім ежу, а таксама рэгулярна выносіць сьмецьце, арганізоўваць мэдычную дапамогу і іншае. Некаторых прывозяць туды пабітымі. Дырэктар лягеру кажа, што на латвійскую мяжу яны трапляюць ужо пабітымі.

Пакуль я забірала свае рэчы, бачыла дзьве машыны хуткай дапамогі. У двары лягеру дзяжурыць паліцыя і стаяць біяпрыбіральні.

Тыя людзі з Іраку, якіх я пасьпела пабачыць, выглядалі збольшага разгубленымі. Я хацела паразмаўляць хоць з кімсьці з іх, але не знайшла нікога, хто валодаў бы ангельскай. Часу на размову праз гугл-перакладчык у мяне проста не было — трэба было хутка запакоўваць і выносіць рэчы.

Тое, што прынята называць міграцыйным крызісам, выглядае менавіта так — разгубленыя і стомленыя людзі, якія ня надта разумеюць, што адбываецца і чаго ім чакаць далей. Машыны хуткай дапамогі, біяпрыбіральні і дзяжурныя паліцыянты. Вечны шум і напружаньне ў паветры, якое, здаецца, можна рэзаць нажом. І вельмі шмат болю і нянавісьці.

Здавалася б: калі Аляксандар Лукашэнка робіць пекла зь Беларусі, няўжо яму гэтага мала? Аказваецца, мала. Надта яму замінае тое, як краіны Эўразьвязу падтрымліваюць беларусак і беларусаў, і ён вырашыў іх «правучыць». Тое, што пры гэтым пакутуюць тысячы людзей з Іраку, Літвы, Латвіі, Польшчы і ўсё той жа Беларусі, ён, вядома ж, праігнараваў. Гэты чалавек шмат разоў паказаў нам, што ён ня мае аніякіх этычных абмежаваньняў, і пабітыя на мяжы іракцы — чарговы яскравы прыклад.

Вядома ж, прапаганда сьцьвярджае, што б'юць людзей літоўскія і латвійскія памежнікі, але дэманстратыўны гуманізм так званых уладаў Беларусі разьлічаны хіба на тых, у каго памяць, як у залатой рыбкі, і хто пасьпеў забыць, як катавалі людзей у Беларусі на працягу апошняга году.

Сытуацыя выглядае жудасна абсурднай — мы ведаем, што ўлады Беларусі фактычна спрыяюць таму, каб людзі перасякалі межы з Латвіяй, Літвой і Польшчай не праз афіцыйныя пункты пропуску, і таксама мы ведаем, што ў Беларусі дзяржслужбоўцы і сілавікі, надзеленыя ўладай, выконваюць любыя загады, нават калі яны супярэчаць міжнароднаму заканадаўству. І пры гэтым усім мы мусім паверыць, што гэта памежнікі Літвы і Латвіі жорстка б'юць уцекачоў, а беларускія памежнікі іх адважна ратуюць.

Танчэй, танчэй трэба шматхадоўкі прадумваць, каб у іх верылі.

Зрэшты, і нашая вера Лукашэнку наўрад ці патрэбна. Усё, што яму трэба — гэта адчуваньне ўлады. Ён так упарта сьцьвярджае, што ў беларускіх пратэстоўцаў ёсьць «лялькаводы», бо сам глядзіць на навакольных як на лялек, якімі можна і трэба кіраваць. І цяжка нават уявіць, колькі яшчэ людзей будуць пакутаваць ад ягоных жаданьняў. І каго яшчэ ён абвінаваціць у сваіх злачынствах.

А пакуль што мы ўсе абжываемся на новым месцы — іракцы ў лягеры пад Рыгай, «старажылы» таго лягера — у Юрмале. Я цяпер у гасьцях і шукаю жытло ў Рызе. Вельмі спадзяюся, што Лукашэнка перастане нарэшце псаваць маё жыцьцё. Але верыць у гэта, вядома ж, цяжка. Баюся, гандаль людзьмі — не апошняе, на што здольная ягоная фантазія.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG