На фоне росту ліку мігрантаў Польшча ўзмацніла ахову мяжы зь Беларусьсю

Знак на ўезьдзе ў Польшчу

Але сьцяну на мяжы зь Беларусьсю польскі ўрад узводзіць пакуль не плянуе.

Пра гэта заявіў прэс-сакратар ураду краіны Пётр Мюлер, паведамляе РИА «Новости». На пытаньне, ці ёсьць у Польшчы пляны наконт будоўлі плота ўздоўж мяжы, Мюлер ня змог адказаць: «Мне невядома, каб такое рашэньне было прынята».

Разам з гэтым ён заявіў, што ўрад Польшчы афіцыйна распарадзіўся ўзмацніць ахову дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю.

Сёлета польскія памежнікі затрымалі ўжо 871 мігранта, які незаконна перайшоў беларуска-польскую мяжу. Гэта ў 7 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год.

Раней іншыя суседзі Беларусі — Літва і Латвія — абвясьцілі рэжым, адпаведна, экстрэмальнай і надзвычайнай сытуацыі з прычыны наплыву мігрантаў з тэрыторыі Беларусі. Парлямэнты гэтых дзяржаў надалі вайсковым злучэньням больш паўнамоцтваў у справе аховы дзяржаўнай мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс: Латвія і Літва паведамілі пра дзясяткі выпадкаў парушэньня мяжы. Польшча ўзмацняе ахову мяжы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісія выдзеліць Літве 36,7 мільёна эўра на тое, каб даць рады міграцыйнаму крызісу