Дзьмітры Кулакоў адбываў пакараньне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 49 у Шклове. Яму прысудзілі 3,5 года за паведамленьні міліцыянту ў суполцы «Лепель для жизни». Гэта расцанілі як «пагрозу гвалту ў дачыненьні супрацоўніка міліцыі і абразу прадстаўніка ўлады», піша «Наша ніва».
У Дзьмітрыя гэта ня першая спроба ўцёкаў. Яшчэ пасьля суду ў канцы сьнежня, калі ён быў на волі пад падпіскай, мужчына зьбягаў на літоўскую мяжу. Але яго ўзялі беларускія памежнікі і перадалі раённай міліцыі. Дзьмітрыя пасадзілі ў ІЧУ, а на наступны дзень прывезьлі на «хімію». На новыя ўцёкі палітвязень адважыўся 19 ліпеня.
«Гэта быў якраз першы дзень, як я зьмяніў працу — перавёўся з грузчыка на сьлесара на камбікормавым заводзе ў Александрыі. За 15 хвілін да абедзеннага перапынку я сказаў, што трэба пайсьці памыцца, бо рукі брудныя. А пасьля паем і лягу пасплю ў будцы, бо на „хіміі“ не высыпаюся. Спаць, вядома, ня клаўся — разабраў тэлефон, адключыў шлейф ад батарэі, выкінуў сімку. Акуратна паглядзеў па баках, каб мяне ніхто ня бачыў, пераскочыў цераз плот і пабег. На працы праз паўтары гадзіны заўважылі, што мяне няма».
Кулакоў дзякуе арганізацыі Dapamoga за вываз сябе і сям’і за мяжу. Пры гэтым адзначае, што спачатку хаваўся ў Беларусі, бо маглі аб’явіць плян «Перахоп». Таксама сілавікі рабілі нібыта «выцек» інфармацыі пра тое, што жонку зьбіраюцца экстрадаваць зь Літвы ў Беларусь. Міліцыя шукала палітвязьня і дома: прыходзіла па адрасе прапіскі ў Лепель і ў Шуміліна, дзе ён жыў. Але нават сваякі ня ведалі, дзе Кулакоў. Хавацца было самым складаным для вязьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Вясна»: Палітвязень Дзьмітры Кулакоў уцёк з «хіміі» за мяжу31 ліпеня Кулакоў разам зь яшчэ адным уцекачом апынуўся ў Літве.
«Перайшлі мяжу, зайшлі ў найбліжэйшую літоўскую вёску, папрасілі мясцовага жыхара, каб ён выклікаў памежнікаў. Ён яшчэ ўдакладніў, якіх — беларускіх ці літоўскіх. Падумаў, раптам гэта заблудзілі грыбнікі. Мы сказалі, што літоўскіх. Прыехалі памежнікі і забралі нас на заставу, дзе мы правялі шэсьць дзён».
У першыя дні два беларускія ўцекачы дапамагалі літоўскім памежнікам разгружаць прадукты, рамантаваць ложкі і разьмяшчаць мігрантаў з Азіі і Афрыкі ў намётавым лягеры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Літве 20 мігрантаў зламалі агароджу і ўцяклі зь лягеруДзьмітры чуў, што на «хіміі» пасьля яго ўцёкаў «крыху адпусьцілі гайкі». Ён апавядае, што большасьць вязьняў у Шклове адпраўляюць працаваць у калгасы, некаторых бяруць прыватныя фірмы на перапрацоўку другаснай сыравіны, хтосьці разгружае склады ў райпа. Сам Дзьмітры да пераводу на камбінат працаваў на пілараме.
«Заробкі — 500-600 рублёў у лепшым выпадку. Гэта калі ў цябе няма штрафаў і пазоваў. Я за паўгода атрымаў на рукі каля 630 рублёў, астатняе пайшло на аплату адміністрацыйных штрафаў: за 9 жніўня, калі я нібыта абразіў супрацоўніка міліцыі, за фота зь пікету са сьцягам у сацсетках, плюс штраф за спробу незаконнага пераходу мяжы».
Таксама Кулакоў са свайго побыту на «хіміі» ўспомніў, што іх прымушалі глядзець дзяржаўныя тэленавіны і прафіляктычныя фільмы — у асноўным пра шкоду наркотыкаў, алькаголю, ролю сям’і.
«Некаторых у горад адпускаюць на 4 гадзіны. Самому без дазволу нельга выходзіць. Калі па дарозе з працы адхілісься ад маршруту, могуць палічыць за парушэньне».
Цяпер Дзьмітры Кулакоў падаў дакумэнты ў Літве на наданьне статусу ўцекача.