Усьлед за Tut.by экстрэмісцкім рэсурсам хочуць прызнаць Zerkalo.io

Zerkalo.io

Суд Цэнтральнага раёну Менску 13 жніўня працягне разгляд пазову МУС Беларусі аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі парталу Tut.by і яго сацыяльных сетак экстрэмісцкімі матэрыяламі. МУС дапоўніла пазоў, плянуючы прызнаць экстрэмісцкім і Zerkalo.io.

«На інтэрнэт-рэсурсе Zerkalo.io журналістамі каманды Tut.by працягваецца інфармацыйны ціск, накіраваны на разьмяшчэньне інфармацыі з ухілам на дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады, інфармацыя падаецца аднабакова, з нэгатыўнай ацэнкай дзейнасьці дзяржаўных органаў, дзе завуалявана (ад трэцяй асобы) пад выглядам інфармацыйных паведамленьняў фармуецца кантэнт, які стварае масіраваны інфармацыйны ціск на падпісантаў, ажыцьцяўляецца прапаганда пратэставай актыўнасьці ў грамадзтве (так званыя флэшмобы), накіраваная на фармаваньне і падтрыманьне пратэставага настрою сярод грамадзян і дэстабілізацыю грамадзкай абстаноўкі ў краіне», — гаворыцца ў абгрунтаваньні, якое даслалі ў суд з МУС.

Таксама МУС просіць прызнаць экстрэмісцкімі лягатыпы Tut.by і Zerkalo. Якія менавіта матэрыялы Zerkalo.io выклікалі прэтэнзіі ў МУС, пакуль невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спартыўны партал Тribuna.com і яго сацсеткі прызналі экстрэмісцкімі

Рэдакцыя Zerkalo.io у адказ адзначыла, што большая частка каманды Tut.by ня мае да новага праекту ніякага дачыненьня.

Выканаўца абавязкаў рэдактару новага праекту — Ганна Калтыгіна. Рэдакцыя працуе з-за мяжы. Прыярытэтнымі тэмамі для сябе сайт вызначыў грамадзтва, палітыку і фінансы, іншыя тэмы займаюць меней месца, чым займалі раней, калі частка каманды працавала ў Tut.by.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заблякаваць Zerkalо ва ўладаў ужо не атрымаецца». Каманда Tut.by пра новы праект

Сайт Zerkalo.io улады Беларусі заблякавалі на тэрыторыі краіны ў першы ж дзень працы. Усяго за год пасьля пачатку пратэстаў, па інфармацыі БАЖ, улады заблякавалі доступ на тэрыторыі Беларусі да больш чым 100 сайтаў і старонак СМІ, у тым ліку сайт Радыё Свабода. Чытачы могуць чытаць заблякаваныя рэсурсы толькі праз VPN.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сайт і сацсеткі «Белсату» прызналі «экстрэмісцкімі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлеграм-канал «Хартыя-97» прызналі экстрэмісцкім