Найвялікшай каштоўнасьцю называў чалавечае жыцьцё. Памяці Сяргея Кавалёва

Сяргей Кавалёў

На 92-м годзе жыцьця памёр расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў. Ён казаў: «Месца права ў нашых краінах займае ўладнае самадурства»

У сярэдзіне 90-х Сяргея Кавалёва вылучалі на Нобэлеўскую прэмію міру — за прынцыповую пазыцыю адносна вайны ў Чачэніі, супраць якой ён выступаў зь першага дня і якую спрабаваў спыніць усім сваім сусьветным аўтарытэтам праваабаронцы, паплечніка Андрэя Сахарава.

Але прэміі ён не атрымаў — Эўропа не жадала празьмерна раздражняць Ельцына, як потым будзе асьцерагацца сварыцца з Пуціным. А магчыма, статус нобэлеўскага ляўрэата дазволіў бы Кавалёву адвярнуць Расею ад шляху, па якім яна пакацілася.

Напэўна, і ў гэтым выпадку шанец быў бы невялікі, проста мізэрны.

Але біяграфія Кавалёва, як і ягоных сяброў па савецкім дысыдэнцкім руху 1960-1970 гадоў — гэта прыклад змаганьня ва ўмовах, якія, здавалася б, увогуле не давалі ніякіх шанцаў.

Як і Васіль Быкаў, найвялікшай каштоўнасьцю ён называў чалавечае жыцьцё.

У траўні 96-га, калі кінутыя за краты арганізатары масавых пратэстаў супраць аб’яднаньня Беларусі і Расеі Вячаслаў Сіўчык і Юры Хадыка абвясьцілі галадоўку, менавіта Сяргей Кавалёў паспрыяў іх вызваленьню (Ельцын патэлефанаваў Лукашэнку і фактычна загадаў яму выпусьціць Сіўчыка і Хадыку).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Барыс Ельцын ратаваў лідэраў БНФ «ад расстрэлу»

Прыгадваецца нашая зь ім размова ў чэрвені 1996-га ў Варшаве, калі Сяргей Адамавіч непакоіўся, што ствараецца «беларуска-расейскі стандарт правоў чалавека», падобны на той, які існуе ў азіяцкіх аўтакратыях, і што расейскія палітыкі гатовыя пайсьці на альянс з Кітаем. Пра Беларусь як палігон для адпрацоўкі дыктатарскіх прыёмаў казаў і Пазьняк, а вось трывога наконт супрацоўніцтва з адсталым Кітаем, якому ня хутка выкараскацца з эканамічных ды іншых праблемаў, мне здалася тады значна перабольшанай. Час пацьвердзіў слушнасьць прагнозу Кавалёва.

Потым яшчэ была сустрэча ў Празе, у пачатку 2000-га. Ягоная ацэнка новага лідэра Расеі была ляканічнай: «Уявіце, што ў пасьляваеннай Нямеччыне канцлерам выбралі былога падпалкоўніка СС».

У пуцінскай Расеі было зусім ня шмат вядомых грамадзкіх дзеячоў агульнанацыянальнага маштабу, якія без усялякіх агаворак падтрымлівалі незалежнасьць Беларусі: Сяргей Юшанкоў, Валерыя Навадворская, Сяргей Кавалёў.

Юшанкоў быў застрэлены ў 2003-м, Навадворская памерла ў 2014-м. Сёньня адышоў і Сяргей Кавалёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Кавалёў: Расея нясе глябальную пагрозу

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.