«Білі за кожны крок». Праваабаронца пераказаў аповед журналіста Марціновіча пра затрыманьне

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч

Праваабаронца Андрэй Палуда расказаў пра сустрэчу ў камэры на Акрэсьціна з галоўным рэдактарам «Нашай Нівы» Ягорам Марціновічам.

Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі», у турме даведаўся ад Ягора Марціновіча, як яго білі пры затрыманьні.

«Надзелі на галаву баксэрскі шалом і лупілі па галаве. Падчас ператрусу таксама білі. Калі хацеў выйсьці з аднаго пакою ў той, дзе адбываўся ператрус, — зноў білі. Робіць крок — яму ўдар. Яму было дрэнна, але хуткую дапамогу спачатку не хацелі пускаць да сьледчага, які яго дапытваў пасьля ператрусу», — падзяліўся Андрэй Палуда гісторыяй затрыманьня Ягора Марціновіча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я цябе ведаю! Твой твар на ўсіх сайтах!» Што піша ў першых лістах з «Валадаркі» рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч

Сам праваабаронца пасьля вызваленьня з турмы і пагрозы далейшага крымінальнага перасьледу зьехаў зь Беларусі.

«Ягор — вялікі малайчына. Чалавек, які і сябе трымаў годна і мужна, і яшчэ падтрымліваў іншых. Для мяне было важна гэта пабачыць, бо мы знаёмыя ўжо вельмі даўно — і ён менавіта такі, якім я яго заўсёды ведаў», — падсумаваў Андрэй Палуда.

Чатырох «нашаніўцаў» затрымалі 8 ліпеня ў межах крымінальнай справы аб «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК Беларусі): галоўнага рэдактара сайту «Наша Ніва» Ягора Марціновіча, галоўную бухгальтарку «Нашай Нівы» Вольгу Раковіч, рэдактара часопіса «Наша гісторыя», дзіцячых часопісаў «Асьцярожна, дзеці!» і «Дуду» Андрэя Дынько і кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БАЖ просіць МУС і Міністэрства здароўя шпіталізаваць палітвязьня Андрэя Скурко

Раковіч і Дынько адпусьцілі, а Марціновічу і Скурко выставілі абвінавачаньне ў нанясеньні маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня (ч. 2 арт. 216 КК) і затрымалі паўторна: маўляў, за камунальныя паслугі ў памяшканьні рэдакцыі яны плацілі паводле тарыфаў для фізычных асобаў, а трэба было як для юрыдычных. Запазычанасьць склала 3500 рублёў.

Абодвум пагражае «хімія» або калёнія тэрмінам да 5 гадоў.