Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца «Вясны» Андрэй Палуда пакінуў Беларусь


Андрэй Палуда, архіўнае фота
Андрэй Палуда, архіўнае фота

Праваабаронца «Вясны» і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда зьехаў зь Беларусі, паведаміла «Вясна».

14 ліпеня сілавікі правялі ператрус у кватэры Андрэя Палуды і на пляцоўцы «Тэрыторыя правоў», якую ён узначальвае. Пасьля допыту ў Сьледчым камітэце яго адвезьлі на Акрэсьціна. Палуду абвясьцілі падазраваным у крымінальнай справе, распачатай супраць «Вясны». Праз 72 гадзіны яго вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

14 ліпеня на допыце Палуда адмовіўся даць узор свайго почырку. Сьледчы камітэт палічыў гэта непадпарадкаваньнем, і праваабаронцу пасьля вызваленьня выклікалі ў Партызанскае РУУС Менску, каб апытаць і скласьці пратакол па адміністрацыйнай справе. Яму пагражаў арышт. Палуда вырашыў на выклік не ісьці.

«Адмова ад дачы ўзораў подпісу ляжыць у кантэксьце правоў падазраванага, у кантэксьце права на яго абарону. Але зьяўленьне адміністрацыйнай вытворчасьці з гэтай нагоды — гэта новаўвядзеньне, якое ўспрымаецца як інструмэнт, каб зноў пасадзіць мяне ў ІЧУ і ажыцьцяўляць ціск», — патлумачыў ён сваё рашэньне.

Яшчэ адным штуршком для для рашэньня зьехаць Андрэй Палуда назваў ліквідацыю пляцоўкі «Тэрыторыя правоў», якую ён узначальваў, і выклікі з гэтай нагоды ў іншыя дзяржаўныя ўстановы.

«Ціск інтэнсіўна ўзмацняўся, і стала абсалютна зразумела, што яны ад мяне не адстануць», — сказаў Андрэй Палуда.

Пасьля вобшукаў і затрыманьняў 14 ліпеня так і не былі адпушчаныя тры прадстаўнікі ПЦ «Вясна»:

  • старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі,
  • яго намесьнік Валянцін Стэфановіч,
  • юрыст Уладзімер Лабковіч.

Усе яны маюць статус падазраваных у крымінальнай справе, заведзенай на «Вясну», і ўтрымліваюцца ў СІЗА-1. Праваабарончая супольнасьць прызнала іх палітвязьнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG