Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Бяляцкага ўпершыню атрымала ад яго ліст зь СІЗА, праваабаронцу адмовілі ў зьмене меры стрыманьня


Натальля Пінчук, жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага, архіўнае фота

Натальля Пінчук, жонка зьняволенага старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, атрымала ад яго першы ліст. Палітвязьні часта нумаруюць свае лісты, і на гэтым стаіць нумар 3. Дзе два першыя, невядома.

Як расказала Натальля Пінчук, 29 ліпеня яна атрымала першую вестку ад мужа за два тыдні ягонага зьняволеньня. Праўда, на аркушы фігуравала лічба тры, а гэта азначае, што два іншыя не дайшлі.

Па словах Натальлі, допіс быў вельмі кароткі, што для Алеся зусім не характэрна: падчас зьняволеньня ў 2011–2014 гадах ён пісаў вялікія тэксты. Цяперашні ліст тычыўся толькі побытавых пытаньняў. У прыватнасьці, Алесь падзяліўся, што ўзяў зь бібліятэкі кнігу.

Тым часам стала вядома, што старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму адмовілі ў зьмене меры стрыманьня.

Суд Партызанскага раёну Менска ў закрытым рэжыме разгледзеў скаргу абаронцы Алеся Бяляцкага на пастанову аб меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Судзьдзя Міхаіл Макарэвіч скаргу не задаволіў — Алесь Бяляцкі і надалей застанецца ў СІЗА № 1.

Алеся Бяляцкага затрымалі 14 ліпеня ў рамках крымінальнай справы паводле ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты падаткаў).

Тады сілавікі ўзялі таксама іншых «вясноўцаў» — Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча.

У зьняволеньні застаюцца праваабаронцы:

  • Алесь Бяляцкі
  • Валянцін Стэфановіч
  • Уладзімер Лабковіч
  • Леанід Судаленка
  • Тацяна Ласіца
  • Марфа Рабкова
  • Андрэй Чапюк.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG