Качанава ўсё ж наведала жаночую калёнію ў Гомлі. Раней у Савеце Рэспублікі гэта абвяргалі

Натальля Качанава, архіўнае фота

Качанава мела гутаркі зь вязьнямі. Інфармацыі пра тое, што старшыня Савету Рэспублікі сустрэлася і з палітзьняволенымі, няма.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, старшыня Савету Рэспублікі пазнаёмілася з жанчынамі, якія пражываюць у інтэрнаце са сваімі дзецьмі, і паразмаўляла зь дзяўчатамі, якія трапілі ва ўстанову непаўналетнімі.

3 ліпеня ў прэс-службе Савету Рэспубікі такую паездку абвяргалі:

«Гэта фэйкавая інфармацыя. Ні Натальля Качанава, ні нехта іншы з Савета Рэспублікі ў гэты момант у гомельскую калёнію не зьбіраўся».

Цяпер жа ў тэлеграм-канале Савету рэспублікі адзначаецца ​, што Натальля Качанава ўручыла «кожнаму дапытліваму хлапчуку і дзяўчынцы аб’ект для вывучэньня і гульні». У падарунак Дому дзіцяці перададзены кіслародны канцэнтратар. Цяпер ва ўстанове, якая ёсьць «паўнавартасным аналягам дзіцячага садка», 17 выхаванцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васкрасенскі расказаў, хто перашкодзіў ягонай ініцыятыве амністыі палітвязьняў і што ён прыдумаў узамен

Таксама чыноўніца наведала рэабілітацыйны цэнтар для асуджаных з залежнасьцю ад псыхаактыўных рэчываў. Гэта падразьдзяленьне адкрылася 1 ліпеня.

Паведамляецца, што ў кожным аддзяленьні Натальля Качанава сам-насам пагутарыла з асуджанымі. Размовы за зачыненымі дзьвярыма былі працяглыя і зьмястоўныя, пішуць дзяржаўныя мэдыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволеная журналістка «Белсату» Дар’я Чульцова зьвяртацца па памілаваньне ня будзе

Раней былі таксама зьвесткі, што Натальля Качанава можа сустрэцца з асуджанымі журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай, актывісткай Вольгай Класкоўскай, грамадзянкай Швайцарыі Натальляй Хершэ ды іншымі палітвязьнямі, каб угаварыць іх напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.

Аднак журналіст Ігар Ільяш, які 3-4 жніўня меў доўгатэрміновае спатканьне са сваёй жонкай Кацярынай Андрэевай, паведаміў Свабодзе, што тая нават ня чула аб наведваньні чыноўніцай калёніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Натальлю Хершэ трымаюць у адзіночнай камэры, угаворваюць напісаць просьбу аб памілаваньні. Яе наведаў амбасадар