Расейскія незалежныя рэсурсы «Открытые медиа», «Правозащита Открытки» і «МБХ медиа» абвясьцілі аб спыненьні працы

MBK media channel in Yandex Zen service

Генэральная пракуратура РФ лічыць «Открытые медиа» зьвязанымі з арганізацыямі, прызнанымі непажаданымі на тэрыторыі РФ, аднак журналісты дагэтуль ня маюць пацьверджаньня гэтай інфармацыі ад «Роскомнадзору».

Пра гэта паведамілі ў выданьні, падкрэсьліўшы, што праект ніколі не працаваў зь непажаданымі структурамі.

«Што такое статус „зьвязаныя зь непажаданымі арганізацыямі“ — я да канца не разумею, — сказала ў эфіры „Настоящего времени“ Юлія Яраш, галоўны рэдактар „Открытых медиа“. — Юрысты таксама не разумеюць, але яны, вядома, бачаць у гэтым небясьпеку. Наша кампанія, Open Press, ніколі не была непажаданай і ніколі не супрацоўнічала зь непажаданымі кампаніямі. Мы лічылі, што ўсё робім паводле закону, але атрымалі сыгнал ад Генпракуратуры і „Роскомнадзору“, што яны лічаць інакш. На жаль, становішча такое, што трэба спыніць нашу працу, каб людзі не рызыкавалі атрымаць крымінальную справу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры арганізацыі, зьвязаныя з Хадаркоўскім, прызналі «непажаданымі» ў Расеі

«Правозащита Открытки» таксама спыніла сваю працу, абвясьціла юрыстка Анастасія Буракова. «Трэба нешта сказаць у сувязі з навінамі аб блякаваньнях. Пакуль коратка: «„Правозащита Открытки“ спыніла сваю працу», — напісала яна.

Спыніла працу і выданьне «МБХ медиа». На сайце сказана, што «Роскомнадзор» заблякаваў іх сайт, на гэты момант ён не адкрываецца ў большасьці правайдэраў у Расеі.

Доступ да рэсурсу абмежаваны паводле рашэньня Генпракуратуры ад 3 жніўня. У сувязі з чым заблякаваны сайт, невядома. Пры гэтым ніякіх апавяшчэньняў ні ад Генпракуратуры, ні ад «Роскомнадзору» рэдакцыі не паступала, зазначае выданьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міхаіл Хадаркоўскі: ФСБ — «непадкантрольны Франкенштайн»

«Я не гатовая ставіць пад пагрозу свабоду і жыцьці іншых людзей. Міхаіл Хадаркоўскі — таксама. Праект „МБХ медиа“ закрываецца. Я вельмі ўдзячная ўсім, хто працаваў з намі ўсе гэтыя гады. Мы рабілі клясныя рэчы. Дзякуй вам. Я ўдзячная ўсім, хто нас чытаў, глядзеў і слухаў. Вы тыя, для каго мы працавалі. Дзякуй вам за цікавасьць і падтрымку», — напісала ў фэйсбуку былая галоўная рэдактарка Вераніка Куцыла.

Увечары 4 жніўня «Роскомнадзор» заблякаваў сайты выданьняў «Открытые медиа» і «МБХ медиа». «Открытые медиа» паведамілі ў Тэлеграме, што яны ўнесеныя ў адмысловы сьпіс «Роскомнадзору» як рэсурс, які зьмяшчае заклікі да масавых беспарадкаў і экстрэмісцкай дзейнасьці.