Футбольны трэнэр Арцём Хвашчэўскі выйшаў на волю пасьля адбыцьця тэрміну за пратэсты

Арцём Хвашчэўскі падчас суду, фота БелаПАН

Арцёма Хвашчэўскага затрымалі летась 15 жніўня і асудзілі на 1 год калёніі за «групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

3 жніўня Арцём Хвашчэўскі выйшаў на волю, паведамляюць праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Футбольнаму трэнэру Арцёму Хвашчэўскаму прысудзілі 1 год калёніі

Суд над палітвязьнем адбыўся сёлета 15 студзеня. Справу разглядала судзьдзя Юлія Блізьнюк, дзяржабвінаваўцай выступала Аліна Касьянчык. Да суду Арцём Хвашчэўскі знаходзіўся ў менскім СІЗА № 1, а потым яго перавялі ў сьледчую турму нумар 8 у Жодзіне. Яго прызналі палітвязьнем.

Арцём Хвашчэўскі — футбольны трэнэр, да таго шмат гадоў гуляў у аматарскім футбольным клюбе «Менск Космас». Апошнія дзевяць гадоў жыў у Польшчы, выступаў у Лізе Б-клясу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У асуджаных палітвязьняў патрабуюць кампэнсацыю за «перакрыцьцё дарог» на пратэстах

Вучыўся ў AWF Уроцлава, адначасова працаваў трэнэрам у моладзевым футбольным клюбе, а таксама займаўся запісамі і аналізам для польскай нацыянальнай зборнай і камандаў лігі Экстраклясу.