Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над палітвязьнем Латыпавым не адбыўся, ягонай адвакатцы стала кепска


Сьцяпан Латыпаў з адвакаткай

Працэс над Сьцяпанам Латыпавым, які працягваецца ў судзе Савецкага раёну Менску, зноў перапынены. Гэтым разам — праз стан абаронцы.

4 жніўня на ўваходзе ў будынак суду ўзмацнілі дагляд. Даглядаюць цяпер і на ўваходзе, і каля турнікетаў перад заляй.

У адвакаткі Кацярыны Жаўтаногі перад паседжаньнем праверылі ўсе рэчы, прамацалі іх. Яна намагалася высьветліць, зь якой нагоды такая праверка, і пайшла да старшыні суду.

Адвакатка папрасіла перапынак. Яна пасьпела сказаць, што кепска сябе адчувае, а потым страціла прытомнасьць. З залі адразу выдалілі ўсіх гледачоў і выклікалі лекараў. Мэдыкі аказвалі дапамогу каля паўгадзіны. Пасьля гэтага абвясьцілі перапынак да раніцы 5 жніўня, паведамляе «Вясна».

Напярэдадні ў судзе скончылі вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы (13 тамоў), дапыталі празь відэасувязь сьведак паводле ч. 4 арт. 209 наконт кампаніі «Беларбо», у якой Сьцяпан Латыпаў дырэктар.
Усе дапытаныя ня мелі прэтэнзіяў да працы арганізацыі і яе супрацоўнікаў. На працэсе праглядзелі відэа затрыманьня Сьцяпана Латыпава на «Плошчы Пераменаў». Таксама пачалі праслухоўваць тэлефонныя размовы палітвязьня, якія спэцслужбы запісвалі з чэрвеня 2020 году.

Раней суд прыпынялі праз дрэнны стан здароўя самога Сьцяпана Латыпава, на адным з паседжаньняў ён учыніў спробу самагубства, а потым доўга лячыўся. Пазьней, ужо пасьля лячэньня, суд зноў адкладалі праз кепскае самаадчуваньне падсуднага. Працэс аднавіўся 2 жніўня, але цяпер адкладзены ў чарговы раз.

Хто такі Сьцяпан Латыпаў

  • Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня ў ягоным двары каля муралу з выявамі «дыджэяў перамен». Яго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.
  • 1 чэрвеня зрабіў спробу суіцыду проста падчас судовага паседжаньня. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі.
  • Перанёс апэрацыю. На наступны дзень стала вядома, што яго забралі з шпіталя ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пасьля гэтага ён прайшоў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках.
  • Сьцяпану Латыпаву 40 гадоў. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці, вучыўся ў беларускай школе. Бацькі — біёлягі. Прафэсіі — арбарыст, прамысловы альпініст 5 разраду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG