Суд дазволіў завочнае расьсьледаваньне супраць Януковіча ў справе аб расстрэлах на Майдане

Віктар Януковіч у лютым 2014 году пасьля расстрэлаў на Майдане

Пячорскі раённы суд Кіева задаволіў хадайніцтва сьледчага Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў і дазволіў спэцыяльнае завочнае дасудовае расьсьледаваньне адносна былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.

Пра гэта паведамілі ў офісе генэральнага пракурора Ўкраіны.

Дазволенае расьсьледаваньне тычыцца, у прыватнасьці, забойства мітынгоўцаў на Майдане Незалежнасьці і прылеглых да яго вуліцах у лютым 2014 году.

Такое рашэньне суду дае права боку абвінавачаньня на дасудовае расьсьледаваньне адносна падазраванага пры яго адсутнасьці (in absentia).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнту-ўцекачу Януковічу прадʼявілі падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе

«Паводле зьвестак сьледзтва, былы кіраўнік дзяржавы, жадаючы спыніць масавыя акцыі пратэсту, якія ставілі пад пагрозу яго знаходжаньне ва ўладзе, выкарыстоўваючы наяўныя паўнамоцтвы прэзыдэнта Ўкраіны, дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы сумесна з былымі кіраўніком СБУ і міністрам унутраных справаў, не пазьней за 18 лютага 2014 году арганізаваў ужываньне супрацоўнікамі праваахоўных органаў без адпаведных падставаў і з парушэньнем нормаў дзейнага заканадаўства спэцыяльных сродкаў, вайсковай тэхнікі, агнястрэльнай зброі для сілавога процідзеяньня і разгону дэманстрантаў. Такія захады прывялі да масавых ахвяраў сярод мітынгоўцаў у цэнтральнай частцы Кіева з 18 па 20 лютага 2014 году, у тым ліку да супрацьпраўнага прычыненьня сьмерці 62 асобам», — гаворыцца ў паведамленьні.

Дасудовае расьсьледаваньне праводзяць сьледчыя Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля перамогі Майдану «беркутаўцы» ўцякалі ў Беларусь, Расею і Крым. Як да гэтага ставяцца ва Ўкраіне

У чэрвені Кіеўскі апеляцыйны суд адмовіўся пачынаць апэляцыйнае вядзеньне паводле скаргі адвакатаў экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. Скарга абароны тычылася пастановы Шаўчэнкаўскага раённага суду аб дазволе на спэцыяльнае дасудовае расьсьледаваньне адносна Януковіча . Яно тычыцца артыкулу пра спробу гвалтоўнай зьмены або зрынаньня канстытуцыйнага ладу ці захопу дзяржаўнай улады.

Экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча вінавацяць ва ўзурпацыі ўлады шляхам ціску на Канстытуцыйны суд, які ў 2010 годзе прызнаў неканстытуцыйнаю рэформу Асноўнага закону з 2004 году — яна абмяжоўвала паўнамоцтвы прэзыдэнта і рабіла Ўкраіну парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікай.

  • Віктар Януковіч зьехаў з Украіны ў лютым 2014 году пасьля расстрэлаў на Майдане. Цяпер ён хаваецца ў Расеі.