Крысьціна Ціманоўская атрымала польскую візу. Яе муж зьехаў ва Ўкраіну. Галоўнае

Крысьціна Ціманоўская ўваходзіць на тэрыторыю польскай амбасады ў Токіё. 2 жніўня 2021 году

Беларуская лёгкаатлетка правяла ноч у гатэлі такійскага аэрапорту. Яна заявіла, што ня будзе вяртацца ў Беларусь.

Міжнародны алімпійскі камітэт патрабуе ад Беларусі тлумачэньня сытуацыі з Крысьцінай Ціманоўскай. У арганізацыі кантактуюць зь беларускай лёгкаатлеткай, яна ў бясьпецы і пад абаронай японскіх уладаў, заявіў прадстаўнік прэс-службы МАК Марк Адамс, паведамляе Reuters.

У кантакце зь беларускай цяпер таксама Ўправа Высокага камісара ААН у справах уцекачоў. Як заявіў генэральны сакратар ураду Японіі Кацунобу Като, МАК і іншыя ўстановы размаўляюць зь Ціманоўскай, каб высьветліць яе намеры.

Ноч Ціманоўская правяла ў гатэлі аэрапорту Токіё.

Ціманоўская плянуе ляцець у Польшчу

2 жніўня выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін ў этэры «Настоящего времени» паведаміў, што Ціманоўская прыехала ў польскую амбасаду ў Токіё.

«Яна цяпер знаходзіцца ў Токіё. Яна ўжо мае зносіны зь Міжнародным алімпійскім камітэтам і з прэсай. Зь ёй усё ў парадку, — сказаў Апейкін. — Трымаецца добра, зразумела, што гэта стрэсавая сытуацыя ня толькі для спартсмэна, але і чалавека — апынуцца пад такім ціскам. Гэта маладая дзяўчына, на якую аказалі ціск дарослыя дасьведчаныя функцыянэры».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спрынтэрка Ціманоўская, якую за крытыку спрабавалі вывезьці з Алімпіяды, прыехала ў амбасаду Польшчы ў Токіё

2 жніўня сузаснавальнік спартовага мэдыяпарталу sports.ru Дзьмітры Навоша ў этэры радыё «Эхо Москвы» паведаміў, што муж Ціманоўскай пакінуў Беларусь і зьехаў у Кіеў. Арсень Зданевіч пацьвердзіў свой ад’езд зь Беларусі ва Ўкраіну і зазначыў, што плянуе зьяднацца з жонкай. Камэнтаваць яе ўчынак ён не захацеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Муж Ціманоўскай расказаў, як пакінуў Беларусь і што сям'я зьбіраецца рабіць далей

У МЗС Польшчы заявілі, што Крысьціна Ціманоўская атрымала польскую гуманітарную візу.

ЭЗ скрытыкаваў дзеяньні ўладаў Беларусі

Эўразьвяз рэзка раскрытыкаваў дзеяньні ўладаў Беларусі за спробу гвалтоўна адправіць з Токіё ў Менск бягуху Крысьціну Ціманоўскую. У Брусэлі павіталі рашэньне Польшчы даць 24-гадовай беларускай спартоўцы гуманітарную візу.

«Спроба прымусова рэпатрыяваць Ціманоўскую супраць яе волі — гэта яшчэ адзін прыклад жорсткасьці рэпрэсіўных мераў рэжыму Лукашэнкі», — гаворыцца ў заяве ЭЗ, якую агучыў прадстаўнік прэсавай службы кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ.

«У Менску лічаць магчымым распаўсюджваць гэтыя рэпрэсіі на атлетаў і тым самым парушаць старажытнае правіла: спыняць варожыя дзеяньні ў пэрыяд Алімпійскіх гульняўі». Гэтую заяву апублікавала 2 жніўня прэсавая служба кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Жузэпа Бурэля.