Нью-Ёрк: 10 чалавек параненыя ў выніку страляніны ў Кўінзе

Архіўнае фота. Пасьля страляніны ў Кўінзе ў 2016 годзе

Паліцыя заявіла, што пэўныя пацярпелыя былі ўдзельнікамі дамініканскай вулічнай банды.

Двое мужчын адкрылі агонь па групе людзей, якія сабраліся каля цырульні ў нью-ёрскім раёне Кўінз, параніўшы 10 чалавек, пасьля чаго ўцяклі на мапэдах. Пра гэта са спасылкай на паліцыю паведамляе Голас Амэрыкі.

Інцыдэнт адбыўся ў ноч з суботы на нядзелю.

Паліцыя паведаміла, што восем мужчын і дзьве жанчыны ва ўзросьце ад 19 да 72 гадоў былі шпіталізаваныя з раненьнямі, якія не нясуць пагрозы жыцьцю. Самай сур’ёзнай траўмай было раненьне ў жывот, якое атрымаў адзін з пацярпелых, паведаміў начальнік аддзелу дэтэктываў дэпартамэнту паліцыі Нью-Ёрку Джэймз Эсыг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бэрліне тры чалавекі атрымалі цяжкія раненьні ў страляніне

Паліцыя паведаміла, што нападнікі прыйшлі на месца злачынства пешшу, але зьехалі, заскочыўшы на заднія сядзеньні двух мапэдаў, якімі кіравалі двое іншых мужчын. Паліцыянты адзначылі, што ўсе чацьвёра былі апранутыя ў байкі з каптурамі.

Трое параненых былі ўдзельнікамі дамініканскай вулічнай банды Trinitarios, і па іх стралялі наўмысна, паведаміў Эсыг. За некалькі дзьвярэй ад цырульні, у рэстаране, у момант стральбы праходзіла вечарынка, дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казані ў выніку страляніны ў гімназіі загінулі як найменей 9 чалавек

«Гэта была дзёрзкая скаардынаваная атака, — сказаў Эсыг. — Гэта непрымальна, і гэта павінна спыніцца».

На раніцу нядзелі ніхто ня быў затрыманы, і паліцыя паведаміла, што неўзабаве апублікуе фатаграфіі і відэа зь месца здарэньня.