Прэзыдэнт Малдовы Мая Санду вылучыла экс-міністра фінансаў краіны Натальлю Гаўрыліцу на пасаду кіраўніка ўраду. Копію ўказа прэзыдэнт апублікавала на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook у пятніцу, 30 ліпеня.
Цяпер кандыдатуру Гаўрыліцы павінен зацьвердзіць парлямэнт. Раней, 29 ліпеня, старшыня парлямэнта Малдовы, кіраўнік Партыі дзеяньня і салідарнасьці (ПДС) Ігар Гросу, да якой належыць Санду, паведаміў аб намеры дэпутатаў падтрымаць кандыдатуру Гаўрыліцы, якая зьяўляецца віцэ-старшынёй ПДС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На датэрміновых выбарах у Малдове перамаглі праэўрапейскія сілы11 ліпеня ў Малдове прайшлі датэрміновыя парлямэнцкія выбары, на якіх ПДС атрымала большасьць — 63 мандаты з 101. Гэта дазволіла ёй самастойна сфармаваць урад краіны.
Мая Санду, якая актыўна выступае за пашырэньне сувязяў Малдовы з ЭЗ, перамагла на прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе. Пасьля гэтага яна ініцыявала адстаўку тагачаснага ўраду, сфарміраванага Партыяй сацыялістаў Рэспублікі Малдова, і заблякавала зацьвярджэньне новага кабінэту. У выніку парлямэнт, у якім фракцыя партыі ПДС мела ўсяго 15 мандатаў, быў распушчаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна, Грузія і Малдова заявілі аб імкненьні ў ЭўразьвязШто вядома аб Натальлі Гаўрыліцы
Натальля Гаўрыліца займала пасаду міністра фінансаў Малдовы у 2019 годзе, калі ўрад краіны ўзначальвала Мая Санду. Да гэтага яна працавала ў брытанскай кансалтынгавай кампаніі Oxford Policy Management і няўрадавай арганізацыі Global Innovation Fund ў Лёндане.
У выпадку зацьвярджэньня кандыдатуры Натальлі Гаўрыліцы на пасаду прэм’ер-міністра Малдовы яна павінна будзе на працягу двух тыдняў прадставіць на зацьвярджэньне парлямэнту склад і праграму свайго кабінэту. «У мяне няма сумненьняў у тым, што намінаваны кандыдат на пасаду прэм’ер-міністра сфармуе згуртаваную і прафэсійную каманду», — напісала Санду на сваёй старонцы ў Facebook.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўнай мовай на сайце прэзыдэнткі Малдовы стала румынская