Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна, Грузія і Малдова заявілі аб імкненьні ў Эўразьвяз


Сьцяг Эўразьвязу
Сьцяг Эўразьвязу

Прэзыдэнты Ўкраіны, Грузіі і Малдовы падчас сустрэчы ў Батумі падпісалі Дэклярацыю Батумскага саміту аб эўрапейскай інтэграцыі.

«Мы пацьвярджаем сваю непахісную адданасьць працэсу нашай інтэграцыі ў Эўрапейскі зьвяз і праводзім комплексныя рэформы для ўмацаваньня нашых дэмакратычных інстытутаў і прывядзеньня нашага заканадаўства ў адпаведнасьць з ключавымі элемэнтамі права ЭЗ», — гаворыцца ў дэклярацыі.

Згодна з дакумэнтам, пэрспэктыва стаць часткай Эўрапейскага зьвязу дае Ўкраіне, Грузіі і Малдове магутны стымул для далейшых глыбейшых рэформаў. Краіны плянуюць працягнуць супрацоўнічаць з інстытутамі ЭЗ, разьвіваць зону свабоднага гандлю і тым самым інтэгравацца ва ўнутраны рынак зьвязу.

«У нашых краін ёсьць шмат агульнага, але галоўнае — мы ня хочам вяртацца ў мінулае. Мы гатовыя змагацца за наша эўрапейскую будучыню. Мы ўзялі абавязаньне падтрымліваць адзін аднаго», — адзначыла прэзыдэнт Грузіі Саломэ Зурабішвілі.

У батумскім дакумэнце таксама гаворыцца пра тое, што Ўкраіна, Грузія і Малдова маюць намер працягваць праграму «Ўсходняе партнэрства» і гатовыя вызначыць агульныя прыярытэты, каб узмацніць палітычны дыялёг і прасоўваньне галіновай інтэграцыі з ЭЗ, асабліва ў сфэрах транспарту, энэргетыкі, лічбавых пераўтварэньняў, зялёнай эканомікі, юстыцыі і ўнутраных спраў, стратэгічных камунікацый і аховы здароўя.

Кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль падтрымаў ідэю і паведаміў аб плянах стварыць «беспрэцэдэнтны інвэстыцыйны пакет» для трох краін на суму 2,3 мільярда эўра з «патэнцыялам для мабілізацыі да 17 мільярдаў эўра ў выглядзе дзяржаўных і прыватных інвэстыцый у рэгіёне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG